Название: Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Автор: Людміла Рублеўская
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Исторические приключения
Серия: Пранціш Вырвіч
isbn: 978-985-7083-85-5
isbn:
Нельга сказаць, каб Пранціш зусім не западозрыў падвойнага дна. Больш за тое – Пранціш быў упэўнены, што гэтае дно існуе, і вельмі гразкае. Але зарабіць за які тыдзень-два трыста з верхам дукатаў! А галоўнае, Вырвіча вельмі пакрыўдзіў намёк суддзі, што Лёднік ім камандуе, пагарджае меркаваннем былога гаспадара. І праўда, чаму пан Пранціш Вырвіч даў над сабою столькі ўлады нейкаму прасталюдцу, якога некалькі год таму меў права сцябаць бізуном з ранку да вечара! Цёмнае, балючае адчуванне несправядлівасці, якое сапсаваны французскай філасофіяй драгун апошнія гады душыў у сабе, выплюхнулася вонкі… Ён – шляхціц! Калісьці, у родным Падняводдзі, пан Даніла Вырвіч прымушаў вясковых хлапчукоў цалаваць у ручку малога Прантасія Вырвіча кожны раз, як той зробіць ласку пагуляцца з імі ў чыжа. Хаця паніч бегаў такі ж босы, як і яны. Фартуна можа адвярнуцца ад шляхціца, але кроў ягоная застаецца такой жа высакароднай, і ён мае магчымасць стаць і вялікім гетманам, і нават каралём.
– Прабачце, ваша мосць пан Вырвіч, што закрануў непрыемную тэму наконт слугаў, якія робяцца панамі. Забудзьцеся, што я казаў пра доктара, нават не гаварыце з ім пра гэта. Ён вас усё роўна не паслухаецца, а вам, нашчадку Палямона, арыстакрату, залішняе прыніжэнне…
Хітрыя словы Юдыцкага Пранціш ледзь чуў – так ад гневу шумела ў вушах кроў…
– Вашамосць памыляецца! Калі я скажу, Баўтрамей Лёднік адразу ж паедзе са мной у Гуту! Слова шляхціца! – выгукнуў раззлаваны Вырвіч з усёй шчырасцю, бо Лёднік даў жа яму слова, што паедзе выручаць паненку Ганну.
Суддзя ўсім выглядам паказаў асцярожны недавер.
– Не магу сумнявацца ў словах вашай мосці… Але, паўтару, доктар чалавек важны, заняты…
– А я кажу, што ён са мной паедзе!
Юдыцкі паважліва пакланіўся.
– Ваша мосць народжаны для вялікіх справаў. У такім разе вы не адмовіцеся прыняць грошы наперад? Магчыма, і за доктара таксама? А па выкананні высакароднай справы вас будуць чакаць і іншыя ўзнагароды…
Суддзя падаў камусьці знак і зноў засяродзіўся на пачастунку.
Гнеў схлынуў з драгуна, як халодная вада. І ў душы заварушыўся агідны вусень раскайвання – а так бывала амаль заўсёды пасля такіх вось гнеўных прыпадкаў, ад якіх Лёднік Пранціша ўвесь час засцерагаў. Цяпер Вырвіч адгадваў у дробных рысах твару суддзі зласлівую радасць. Што ён нарабіў! Не, драгун – не муха, якая даверліва ляціць на саладуху з мухаморамі, пастаўленую рупным гаспадаром у сподачку на падваконні.
– Вельмішаноўны пан суддзя так і не назваў імя хворага… – нагадаў Пранціш. Юдыцкі выплюнуў на срэбны СКАЧАТЬ