Название: Разламашкі майстра Люфта (зборнік)
Автор: Кацярына Мядзведзева
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Сказки
isbn: 978-985-90377-2-6
isbn:
– Чаму ж ты адразу не спытаўся ў яе? Лемюэль скрывіўся.
– Я спадзяюся на тваё абаянне. Мяне яна недалюблівае. У дзяцінстве я разбіў яе крыштальную вазу – і не дараваны дагэтуль. Упэўнены, цётка да гэтай пары выношвае план помсты. Баюся, як бы не атрымаць аскепкі гэтай вазы ў якасці вясельнага падарунка.
Калі мы падышлі да невялікага дамка, схаванага за разгалістымі старымі вербамі, Лемюэль зрабіў страшныя вочы і сказаў:
– Дэйсі, пакляніся, што не станеш каштаваць каменных кексаў.
– Чаму? – мне наогул падабаўся гэты гатунак выпечкі.
– Таму што ў цётачкі Генрыеты кексы і праўда каменныя. Мясцовы дантыст ужо багацце нажыў на яе гасцях. Не, праўда, пакляніся! Я абяцаў прыглядваць за табой! Мне будзе няёмка, калі ты вернешся да бабулі, як стары грабянец, з паламанымі зубамі. Ты чуеш мяне, непаслухмяная дзяўчынка?
Цётка Генрыета аказалася сухарлявай і зласлівай бабулькай. Дзіўна, як парой у адных і тых жа бацькі і маці могуць нарадзіцца такія розныя дочкі: адна пульхная, мяккая і лагодная, другая – падобная да прышчэпкі для бялізны. Як быццам нехта ўсемагутны, замешваючы сям’ю і размяркоўваючы інгрэдыенты для будучых дзяцей, адвярнуўся на момант – ці то птушка ў акне праляцела, ці то пагрукалі ў дзверы – і потым пераблытаў, усыпаў у адну міску зашмат соды ці цынамону, а ў іншую чагосьці не даклаў…
Пасля традыцыйнага абмену ветлівымі словамі цётка Генрыета таксама завяла гутарку пра вяселле пляменніка.
– Я ўжо думала, ты ніколі не ажэнішся, – прарыпела яна, разліваючы гарбату чамусьці ў кававыя кубачкі. – Вяселлі – задавальненне не з танных.
– А што рабіць, цётачка, – з усмешкай развёў рукамі Лемюэль. – Род Грымсвотнаў павінен быць працягнуты, і гэта нялёгкая місія ўскладзена на мае плечы.
– Небяспечны гэта занятак – працяг роду, – кіўнула цётка. – Добра хоць, што твая нявеста не з тых шчэпак з вузкімі сцёгнамі, якія няздольны ні зачаць, ні вынасіць. Жанчына павінна быць як пясочны гадзіннік: шырокая і зверху, і знізу, а пасярэдзіне – талія.
Яна прамаўляла гэтыя банальныя ісціны, не задумваючыся, што сама падобна зусім не на пясочны гадзіннік, а хутчэй на сонечны.
– Піце гарбату, выдатная чорная гарбата, – падбадзёрыла цётка. – І бярыце кекс, Дэйсі, мілачка, трохі здобы вам не пашкодзіць. Дзяўчатам трэба есці салодкае, каб быць добрымі і вясёлымі.
Я сербанула з кубачка і паспешна, баюся, нават занадта паспешна, паставіла яго назад на сподак. Гарбата цёткі Генрыеты, мяркуючы па гусце і колеры, пражыла доўгае і поўнае прыгод жыццё, і, відавочна, не ўпершыню аказалася ў імбрычку.
Я чула, вядома, пра людзей, якія збіраюць скарыстаную гарбату, СКАЧАТЬ