Название: Забойца анёла (зборнік)
Автор: Вінцэсь Мудроў
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
Серия: Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»
isbn: 978-985-7180-14-1
isbn:
У калідоры рыпаюць дзверы. Гэта Юрка вярнуўся з інстытута. Ні слова не сказаўшы, брат кідае ў кут тэчку з тубусам.
– Ты што, нічога не еў? – гукае братан праз хвілю, бразнуўшы на кухні накрыўкай рандолі.
– Юр! А калі пракапаць шахту…
– Праз цэнтр Зямлі? – Юрка сёрбае дзеля спробы халодны суп.
Я вытрымліваю паўзу.
– Ну, так… і адзін канец выйдзе на мора. Вада што, папрэ на другі бок?
– Папрэ, толькі не наперад, а назад, – Юрка чыркае запалкай. – Ужо ў мацерыковай корцы тэмпература сягае сямісот градусаў, таму…
– Таму ўтворыцца вялізны гейзер? – перабіваю я, адарваўшы галаву ад падушкі.
Юрка маўчыць, збіраючыся з думкамі, а потым, ужо незадаволена, азываецца:
– Ды адчапіся ты, далібог… дай паесці.
Не, з Юркі пісьменніка не атрымаецца. Ані каліва фантазіі. Цікава, ці зменіцца клімат у Антарктыдзе, калі з дзіркі шугане гарачая пара?
У кухні сквірчаць яйкі на патэльні, і Юрка загадна крычыць:
– Есці ідзі! Два разы клікаць не буду.
«Вандроўку да цэнтра Зямлі» дачытваю познім вечарам, у пасцелі. А дачытаўшы, кладу кніжку на грудзіну, летуценна паглядаю на столь і чую сцішаны вокліч:
– Лёнь…
Гэта Мішка гукае ў нішу электралічыльніка. Выходжу ў майцы і трусах на лесвічную пляцоўку.
– Слухай, ты можаш збегчы з дому на гадзінку? – сябар, мяркуючы па голасе, прыкметна хвалюецца.
– Магу… калі маці не прачнецца. А што такое?
– Знайшоў месца, дзе металалому на дзесяць цеплавозаў.
…Вакол ужо сапраўдная ноч, і вецер, які знянацку ўсхадзіўся, зацята шуміць у шатах разложыстых хвояў. Хвоі стаяць пасярод могілак, падпіраючы вершалінамі цёмнае неба. На сэрцы трывожна. Відаць, такі ж настрой быў у жульвернаўскіх герояў, калі яны спускаліся ў цэнтр Зямлі.
Мішка тыцкае мяне ў бок, ківае на кучу смецця. Да кучы прыхіленая жалезная, аблытаная жалобнымі стужкамі агароджа.
– Усё ж такі няёмка… з могілак цягнуць, – кажу я сябру, але Мішка рашуча хапаецца за жалезныя пруты:
– Яшчэ адзін Маа Цзэ-бздун. Агароджу на сметнік выкінулі, значыць, яна нікому не патрэбная.
З натужлівым крэканнем выцягваем агароджу са смецця. Да школы ідзём дварамі. Добра яшчэ, што час позні і на вулцы няма мінакоў. За ўсю дарогу толькі аднаго дзядзьку і сустрэлі. Дый той быў упіты і йшоў хістаючыся.
Металалом, невялікімі грудамі, ляжыць на пазаддзі школьнага двара, поруч з майстэрнямі. Наш грудок зусім маленькі: колькі пакарабачаных труб, іржавая рысора ды бляшаныя начоўкі, на дне СКАЧАТЬ