Название: Час чумы (зборнік)
Автор: Уладзімір Арлоў
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-6701-43-0
isbn:
На таргу ён купіў падрумянены пірог з заечынай і, памалу адкусваючы, прайшоўся паміж паўпустых у будны дзень прылаўкаў. Спыніўся каля дзеда, што гандляваў рыбаю, прыцмокнуў языком, кінуўшы вока на ляшча, які не ўтаптаўся ў драўлянае вядро. Падзівіўся на двухгаловых хвастатых звяроў, што шчэрыліся з калчанаў. Прыслухаўся да размовы двух дружыннікаў у дашчатых бронях[3] і адразу неяк наструніўся. Ваяры гаманілі, як учора на княжых борцях злавілі пчаладзёра.
– Прывялі таця ў церам, – апавядаў старэйшы векам дружыннік, – дык на калені заваліўся і якоча:
«Памілуй, княжа, не ведаў я, што твой мёд краў!» А князь яму: «А хіба не ведаў ты, што мёд гэты не твой?»
Дружыннікі засмяяліся.
– I піўцом князь пачастуе, і слаўцом.
– А ці ведаеш, кажа князь, – працягваў старэйшы, – што над табой немцы ўчынілі б? Галавой – у лазьбень з мёдам, і пі, пакуль душа не адляціць.
Богуш на крок адступіў, але слухаць стаў яшчэ ўважней.
– Ага, – згадзіўся малодшы. – Чалавек з леціголы баяў. Рытары[4] ў іх борці адабралі, а пчаляроў у мёдзе патапілі.
Неспадзеўкі на торжышчы ўсчаўся крык. Усе, хто мог, рынулі да ракі. Прылаўкі ўмомант апусцелі, каля свайго тавару засталіся адно ганчар з бондарам.
На беразе вірыўся вялікі збой гараджанаў. Тут былі і купцы, і рукамеслыя людзі ў магерках, і манахі ў даўгіх чорных рызах. Наперадзе тырчалі чырвоныя баярскія шапкі з сабалінаю ірхой. Богуш, націскаючы плячом, прабраўся наперад.
Пры самай вадзе ляжалі двое мужчын з туга скручанымі скуранымі паскамі рукамі і нагамі: адзін – таўсматы і вірлавокі, другі – драбнаваты і вастраносы, з ускудлачанай галавой. Апранахі на абодвух былі разадраныя і прыпаленыя.
Поруч з Богушам апынуўся той самы дзед, што прадаваў ляшча, – прыклыпаў са сваім вядром, з якога вытыркаў рыбін хвост.
– Што за людзі? – напаўголаса запытаўся аршанскі майстра.
Сусед аказаўся гаваркі.
– Нямчыны-выведнікі, у нядзелю злоўленыя. Таўсты на Ганчарным канцы ў студню зелле сыпаў. Хацелі яго з той студні напаіць, дык так зубы сцяў, што мячом не расціснеш. Тады сабачку валачашчаму тае вады далі. Сабачка і пажыў, як Дзвіну на чоўне пераплысці. А гэтага, – кіўнуў дзед на ўскудлачанага, – Няжыла з Запалоцкага пасада злавіў. На пастой да Няжылы папрасіўся, а ў сне па-свойму гергетаць пачаў. Пад жаркім жалезам абое прызналіся.
Богуш упіўся вачыма ў звязаных выведнікаў.
– А кажуць жа, у князя Валодшы вечны мір з Рыгай, – зноў загаварыў ён да дзеда.
– Мір, – пацвердзіў той. – Купцоў нямецкіх князь у крыўду не дае. Дружына іхні тавар вартуе. А выведнікаў наказана не літаваць.
– Пасаднік! Пасаднік!.. – пранеслася па натоўпе, і людзі расступіліся, даючы дарогу чатыром цівунам і пасадніку ў вавёркавым футры.
СКАЧАТЬ
3
Даспех накшталт кальчугі, але зроблены з металёвых пластачак.
4
Рыцары.