Название: Таямніцы полацкай гісторыі
Автор: Уладзімір Арлоў
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: История
isbn: 978-985-15-0288-8
isbn:
Жыхары Полацка аралі вакол горада зямлю, сеялі жыта, ячмень, пшаніцу, авёс, грэчку, гарох, лён. На полацкіх гародах тысячу гадоў таму раслі капуста і рэпа, боб і мак, цыбуля, часнок, кроп. Продкі ведалі смак салёнага агурка і расолу. Прыліплае да дна бочкі агурочнае зернетка археолагі знайшлі ў земляным слоі XIII стагоддзя.
Адзін беларускі паэт напісаў гістарычны раман гіра эпоху Чарадзея. Яго героі, паскідаўшы кальчугі, сядзяць вакол вогнішча і цюмраць печаную ў прыску бульбу. Ім можна было б пазайздросціць, каб не адна акалічнасць: бульбу завезлі ў Еўропу з Амерыкі толькі ў XVI стагоддзі, а ў Беларусі наш цяперашні другі хлеб з’явіўся яшчэ гадоў праз дзвесце.
Увесну ў горадзе зацвіталі яблыневыя і вішнёвыя сады. У хлеўчуках рохкалі вепрукі, білі ў драўляныя даёнкі вострыя струменьчыкі сырадою, бляялі авечкі і мэкалі козы. Частка палачанаў кармілася з рыбарства. Рыбу лавілі нератам, брадніком, на кручок, білі восцямі. Калі яна ішла на нераст, на невялікіх рэчках рабілі закалоты: перагароджвалі рэчышча шчытна падагнанымі жардзінамі, а пакінуты праход закрывалі лазовымі мярэжамі.
У прыгарадных лясах ставілі борці. 3 калоды ў добры год бралі колькі карчагаў мёду. Галоўнымі канкурэнтамі бортнікаў былі, вядома, мядзведзі. Борці яны ведалі не горш, чым гаспадары, таму пад кожнаю, каб ласун не здолеў падабрацца да салодзенькага, вакол стаўбура ладзілі шырокі дашчаны шчыт – подкур.
Ласаваліся продкі не толькі мёдам, але і каўрыжкамі, пернікамі з макам, пірагамі з самым розным мясам, ад заечыны да мядзведзіны. Падчас варожае аблогі нядрэнна ішлі і каніна з сабачынай. Між іншым, хрысціянская царква забараняла есці «даўляніну» – мяса звяроў і птушак, што трапілі ў сіло або былі задушаныя сабакам, лоўчым сокалам ці ястрабам і не прырэзаныя чалавечай рукой.
На святочнай бяседзе хадзілі па застоліцы чары варанага перабрадзілага мёду. Пілі таксама мёд, настоены на перцы, прывезенае з поўдня вінаграднае віно, ячменнае піва і квас. Сёмую чару хмельнага зелля лічылі «богаўгнявіцельнай», бо пасля яе чалавекам завалодвалі нячысцікі і пачыналіся сваркі, лаянка і тузанне за валасы. Знаходзіліся, праўда, і тыя, што перабіралі меру. Да нас дайшлі апісанні тагачасных жлуктаў: «Ни се мертв, ни се жив, опухл и аки болван… налився аки мех до гортани, надомся (надзьмуўся) аки бочка, в ругание и посмех дав себе».
Горад любіў і ўмеў гандляваць. На торжышчы прапаноўвалі тавар тутэйшыя рамеснікі і сяляне. Кіеўскія купцы (яны трымаліся ў параўнанні з іншымі трохі фанабэрліва, ды ў Полацку на гэта ніхто не зважаў) прывозілі шкляныя вырабы, белы гліняны посуд з зялёнаю палівай. Яны ж вялі гандаль чарнаморскімі таварамі: віном, аліўкавым алеем, амфарамі. Багатыя гараджане з велікакняжацкага кола спыняліся каля прылаўкаў СКАЧАТЬ