Название: Таямніцы полацкай гісторыі
Автор: Уладзімір Арлоў
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: История
isbn: 978-985-15-0288-8
isbn:
Дык, можа, паспрабуем адрадзіць гэты звычай у нашых сем’ях?
Кім былі вашы дзяды, прадзеды? Якая памяць засталася ад іх?
Беражыце старыя дакументы. Занатуйце ацалелыя імёны, даты, усе звесткі пра свой род. Некалі гэтыя запісы будуць з гонарам працягваць вашы дзеці і ўнукі.
Сёння радавод шмат у каго можа атрымацца вельмі кароткім, але – паверце – усё адно адбудзецца дзіва: дзяды пачнуць дапамагаць вам.
Ад Рагвалода да Брачыслава
Калі вы знайшлі вольны дзень на падарожжа ў полацкую гісторыю, пераадолейце спакусу і пачніце яго не ад велічнай Сафіі, што, кажучы словамі Уладзіміра Караткевіча, «плыве над Дзвіною, нібы карабель». Прыйдзіце спачатку на зялёны бераг Палаты, туды, дзе недалёка ад Чырвонага моста стаіць сціплая стэла з надпісам: «Гарадзішча. Помнік археалогіі IX стагоддзя».
Вось тут, за кіламетр ад галоўнага рачнога шляху – Дзвіны, і вырас першы, яшчэ цалкам драўляны Полацк, упершыню ўспомнены ў «Аповесці мінулых гадоў» у сувязі з дзяльбою гарадоў ноўгарадскім князем Рурыкам. Праз тры гады пасля гэтага, у 865-м, сюды прыйшло кіеўскае войска князёў Аскольда і Дзіра, што, як паведамляе Ніканаўскі летапіс, «ваявалі палачан і шмат зла ўчынілі».
Ва ўсіх народаў дзяржава пачынаецца з горада. Тагачасны Полацк – гэта абнесены драўлянымі сценамі, абведзены валам ды ровам град-дзядзінец, а таксама неўмацаваны вакольны горад – пасад, дзе жылі рамеснікі. Яны сяліліся і каля княжага дзядзінца, і трохі далей, дзе цяпер гарадскі стадыён. Полацк меў тысяч пяць жыхароў – крыху меней за Кіеў і Ноўгарад і болей за любы іншы ўсходнеславянскі горад.
У 907, 911 і 944 гадах полацкія дружыны, даручыўшы лёс Перуну, выпраўляліся адсюль у паходы на далёкі Царгорад-Канстанцінопаль, сталіцу Візантыйскай імперыі. Паганскі бог вайны спрыяў продкам. Полацк мы знаходзім у пераліку гарадоў якім Царгорад плаціў даніну. Сілу галоўнай крывіцкай цвярдыні ведалі і паўночныя суседзі. У скандынаўскіх сагах ён згадваецца дзесяткі разоў пад назваю Палцеск’я – ад старажытных усходнеславянскіх найменняў Полацеск, Полцеск, Полацьск. Аўтару адной сагі нават прымроіліся вакол горада каменныя сцены.
Кожны з нас сустракаўся з тым, што Полацк называюць «древнерусским городом», адным з цэнтраў старажытнарускай дзяржавы, або Кіеўскай Русі. Але, па-першае, такой назвы – Кіеўская Русь – вы не знойдзеце ні ў адным летапісе. Па-другое, «дзяржава» гэтая была шматковая – нетрывалая, аб’яднаная сілаю зброі, а Полацк трапляў у яе зусім ненадоўга, супроць сваёй волі і заўсёды імкнуўся як найхутчэй вызваліцца. А па-трэцяе, «адзіная старажытнаруская народнасць» (гэтаксама, як і «адзіная старажытнаруская мова»), ад якой нібыта паходзяць тры ўсходнеславянскія народы, – міф, створаны дзеля абгрунтавання адвечных прэтэнзій маскоўскіх князёў і цароў на беларускія ды ўкраінскія землі. Логіка тут вельмі простая: паколькі мы, маўляў з аднаго кораня, значыцца, жыць павінны ў адной дзяржаве – зразумела, СКАЧАТЬ