Название: Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік)
Автор: Ян Баршчэўскі
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Зарубежная классика
Серия: Школьная бібліятэка
isbn: 978-985-02-1547-5
isbn:
А вось і ксёндз у капеланскім уборы прыехаў. Учыніў ён святы абрад і, калі са свянцонай вадою хацеў наблізіцца да сцен, – імгненна ўвесь дом ахапіла полымя, і хутка будынак рухнуў.
Здзіўлены люд, гледзячы на гэткую помсту злога духа, паціскаў плячыма. І кожны з тых, хто быў тут пры поўнай свядомасці, з трывогаю пакідаў на месцы, дзе стаяў дом, ужо толькі вуголле і дымныя галавешкі. Ксёндз вяртаўся дадому ўзрушаны, шкадуючы аб неразумнасці свае паствы. Калі адыходзіў Парамон, дык лаяў, трасучы галавою, нешчаслівага Карпу: «Добра дурню: як паслаў, так і выспаўся». Па ўсёй ваколіцы, у простай хаце і ў панскім палацы, доўгі час гаварылі пра гэтае здарэнне.
Карпа невядома дзе падзеўся пасля таго страшнага пажару. Знік і ўжо больш не наведваў ні сваіх прыяцеляў, ні цесця, ні жонкі. Рознае пра яго думалі. Адны меркавалі, што ён злыгаўся з ліхадзеямі, якія пераганялі крадзеных коней з Беларусі пад Пскоў ці да Вялікіх Лук. Дык пан паслаў арандара Хаіма на зведы. Іншыя сяляне казалі, што сустракалі Карпу ў роспачы, і ад іхняга голасу ён, як дзікі, уцякаў у лес.
Прайшло колькі тыдняў. Шукаючы качак, нейкі паляўнічы з выжлам ішоў ля берага возера. Дзень быў нейкі хмарны, хвалі біліся аб бераг. На пяску ля самае вады здалёк убачыў ён чараду груганоў. Стрэліў. Груганы паляцелі і схаваліся ў пушчы. Падышоў бліжэй – і бачыць выкінуты вадою труп, які хваля яшчэ пакрывала пенаю. Адразу ж ён паведаміў у маёнтак. Далі знаць у суд. Цяжка было пазнаць, чыё гэта цела, але вопратка і пярсцёнак на руцэ далі магчымасць апазнаць Карпу.
Так няшчасны скончыў сваё жыццё. Без малітваў і без ксяндза там жа на беразе труп закапалі.
Тут падарожны змоўк.
– Скажы ж, – просіць пан Завальня, – а што сталася з Агапкаю?
– Агапка колькі гадоў жыла пры бацьках, ад смутку і спалоху ўвесь час хварэла. Пасля смерці бацькоў і яна згасла, як свечка. Няхай пануе на небе. У сваім дабрачынным і цнатлівым жыцці была яна прыкладам усім кабетам нашае ваколіцы. Хоць было гэта даўно, аднак і цяпер там, дзе яна са слязьмі палівала кветкі, зелянеюць вішні і яблыні, і краскі тыя кожную вясну найпрыгажэй цвітуць, дзяўчаты ў святочныя дні плятуць з іх вянкі і аздабляюць абраз Прачыстае Маці.
– Чаму ж ты не ажаніўся з ёю, калі яна была ўжо ўдавою? – спытаўся пан Завальня. – Ты ж яшчэ раней кахаў яе. Меў бы найлепшую жонку. А добрая жонка – скарб найдаражэйшы, бо дзе ў хаце каханне і згода, там і блаславенне Божае. Вось і я жыву сяк-так, дзякуючы Богу, а ўвесь гэты лад у гаспадарцы зрабілі разам з маёю нябожчыцай.
– Пасля таго смутнага вяселля я прасіў пана, каб дазволіў мне пайсці ў чужую старонку, дзе лягчэй набыць грошы дзеля гаспадаркі ды на падаткі. А яшчэ меркаваў, што, як буду далёка, хутчэй забуду на ўсё тое, што доўга СКАЧАТЬ