Название: Чароўная скарбніца
Автор: Людмила Рублевская
Издательство: Аверсэв
Серия: Сучасная беларуская лiтаратура
isbn: 978-985-19-7348-0
isbn:
Мама падняла ўсіх вухуцян і пасадзіла на плеценае крэсла. Паставіўшы перад дачкой талерку з суніцамі, бацькі селі побач. Пацікавіліся, як у яе прайшоў дзень, расказалі, як выдатна выступілі на выставе іх гадаванцы, якія ўзнагароды атрымалі.
– Усё як у нас, вухуцян! – прашаптала Мінола. – Тата з мамай прыносяць нешта смачнае, сядзім, размаўляем.
– Нешта я па сваёй матулі засумавала! – ціха ўсхліпнула Сінька.
– І я! – дадала Зялёнка.
– Дык вяртайцеся дадому! – прапанаваў Рудаш.
– Не, пабудзем тут! Цікава ж даведацца, хто зямныя родзічы Вухута! – сказала Сінька.
– Спадзяюся, атрымаецца высветліць! – сумна ўздыхнуў Вухуцік.
Бацькі Улады яшчэ крыху пасядзелі і пайшлі ў дом. Тады вухуцяне перабраліся на арэлі, і гаспадыня пачаставала іх суніцамі.
Сонца хавалася за гарызонт, летні дзень згасаў. Было бачна, як над газонам несупынна лятаюць дробныя кузуркі.
– Мікрасвет. У іх свае клопаты, сваё жыццё! – сказала дзяўчынка, заўважыўшы, як госці назіраюць за мошкамі.
Недзе зусім побач зумкалі камары, вечарам яны заўсёды з’яўляліся.
– Давайце ўжо пойдзем адсюль! – папрасіла Зялёнка. – Баюся я вашых камароў, ты ж казала, што яны могуць укусіць і кроў піць!
Усе пасмяяліся з баязліўкі, але Улада падтрымала прапанову вухуцянкі. Дзяўчынку вельмі ўразіла, як бясстрашна кінулася Зялёнка бараніць яе ад калматых чорных пачвар.
Тым вечарам у пакоі Улады доўга гарэла святло. Дзяўчынка рассяліла сваіх гасцей на кніжных паліцах, уладкаваўшы там для іх імправізаваныя ложкі з дэкаратыўных падушак. Вухуцяне палеглі і з цікавасцю ды вялікім задавальненнем слухалі казкі, якія чытала ім гаспадыня.
Таямніца адкрываецца
Раніцай прачнуліся ад грукату. Гэта Сінька-небарака звалілася з паліцы разам са сваім ложкам. Не пабілася, бо прызямлілася на падушку, але шуму нарабіла, скінуўшы некалькі кніг.
– Цікава дзень пачаўся! – прамармытала сонная сіняя паненка, папраўляючы прычоску-спружынку, якая энергічна калыхалася над яе галавой.
Дзеці развесяліліся ад гэтага здарэння. За сняданкам Улада расказвала, што сёння хоча адвесці ўсіх у заапарк. Толькі спатрэбіцца дапамога дарослых, бо адной ехаць праз увесь горад ёй пакуль не дазваляюць. У гэты момант з калідора пачуліся крокі. Вухуцік паспеў сказаць: «Цац!» – дзверы адчыніліся, і на парозе з’явіўся дзед.
– Смачна есці! – пажадаў ён унучцы і дадаў: – Усім хаўрусам снедаеце?
Унучка ўсміхнулася:
– Ага, так весялей і смачней!
Улада ледзь стрымлівала смех, бо заўважыла, што каманда «цац!» заспела Рудаша, калі ён паклаў у рот цэлы сырнік. Яго шчокі сталі такімі круглымі, што аж вочы прыжмурыліся.
Дзед паставіў на стол імбрычак, два кубачкі і, перасаджваючы СКАЧАТЬ