Название: Праведная галеча
Автор: Франс Эмиль Силланпяя
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Зарубежная классика
Серия: Noblesse Oblige
isbn: 978-985-7210-28-2
isbn:
На хутар Туарыла таксама часам заходзілі жабракі, але гэта быў зусім не той люд, што некалі мог прыблукаць у Нікілю. Гэтыя нясмела стаялі каля дзвярэй ці, прысеўшы на лаву, плаксівымі галасамі адказвалі на роспыты гаспадыні. Неяк аднойчы гаспадыня спыталася ў адной жабрачкі, як яе завуць, і выявілася, што тую, як і гаспадыню, звалі Эмаю. Тады жабрачка атрымала добрую міласціну, і тым жа днём на хутар завітала яшчэ адна жабрачка і, не чакаючы роспытаў, абвесціла, што яе таксама завуць Эма. Гаспадыня доўга і ад душы смяялася, але падалá і гэтай, аднак папрасіла папярэдзіць усіх астатніх Эмаў, што больш такі фокус не атрымаецца.
Як ні дзіўна, але тут, на новым месцы, Юсі вельмі баяўся жабракоў і ніяк не спрабаваў зблізіцца з імі. Напэўна, праз тое, што цяпер ён сам належаў да сытай паловы чалавецтва. Пазней сярод жабракоў ён згледзеў і некаторых старых прыяцеляў, з якімі разам гуляў на Свіной горцы. Юсі саромеўся іх, а таму размова атрымалася змушанай і кароткай. Хлопцы самі, без роспытаў, расказалі, што ў Нікілі цяпер гаспадараць людзі Олілы, што павітуха Ловіса моцна хварэе. Але гэтыя навіны толькі злёгку слізганулі каля душы Юсі, ніяк не крануўшы яе. І калі хлопцы пайшлі, Юсі адчуў вялікую палёгку.
Надышло лета, зямля парасла травою, убраліся ў лістоту дрэвы. На далёкіх пашах зазвінелі медныя званочкі кароў, яравыя засеялі пры добрым надвор’і. Насеннае зерне атрымалі ў пазыку ад казны. Атупелыя ад няшчасцяў людзі пачалі пакрыху ажываць, нарадзіліся новыя спадзяванні. Сейбіт, ступаючы па полі за бараною, моцна задумваўся, успамінаючы жахлівыя мінулыя гады, і душа ягоная ўсё больш шырока раскрывалася насустрач сённяшняму светламу сонейку і буйной зеляніне навокал. І хоць знясілены мінулымі цяжкасцямі розум чалавечы яшчэ не мог у поўнай меры ацаніць усе перажытыя выпрабаванні, у сейбіта ўжо нараджалася адчуванне таго, што новыя часы прынясуць і новую светлую ідэю, якая надасць жыццю новы кірунак і новы абшар. І калі чалавек са сваёй нівы бачыў, як цягнуцца па дарозе знядоленыя бяздомнікі, то з нейкаю прыкрасцю думаў, што старыя часы ўсё ж азмрочваюць тое імгненне, у якім нараджаецца новы час.
Для былога Юсі Нікілі, якога цяпер называлі Юсі Туарыла, гэта лета, як і наступныя летнія часы, сталася самаю важнай парою ў жыцці – парою юнацтва, таму што большую частку гэтай пары ён праводзіў у самоце.
Надзелы, на якіх ён пасвіў гаспадарскі статак, лашчылі вочы сваёю разнастайнасцю. Некалі там былі лядныя пожагі, а цяпер СКАЧАТЬ