Крыштальная ноч. Дар’я Трайдэн
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Крыштальная ноч - Дар’я Трайдэн страница 6

СКАЧАТЬ без ціску, са смехам, пасля – з ледзь прыхаванай спаборніцкай жорсткасцю. Падавалася, што галоўнае адбываецца не на вачах, а недзе ў бясслоўнай глыбіні зліцця ўсіх сувязей, якія прыцягнулі на будоўлю целы асілкаў і прыгажунь суседніх дамоў. Нервовыя, спатнелыя, яны выконвалі няпісаны рытуал адно для аднаго, па-сапраўднаму існавалі для нюху і дотыку, а не для зроку, казалі не словамі, і раптоўнымі ўскрыкамі і гукамі, што з вышыні ўпэўненасці сягалі ўніз, зрываліся пасярод сябе на маўчанне.

      Я адчувала, што тут ёсць шыфр, але не ведала яго ключа: мне было шэсць, а не шаснаццаць, я не мела памады для вуснаў, тушы для веек, ценяў для павекаў – і нават вусны, вейкі і павекі былі не тыя. Адчуваючы няёмкасць, я адышла ад натоўпу і збочыла ў цемру паміж бетоннымі блокамі. За спінаю выбухнуў дзявочы рогат, крыштальная ваза для садавіны, закранутая рукой, зляцела з бетоннага прамавугольніка ўніз, і пацеркі змяшаліся з аскепкамі. Пад нечай нагой хруснула шкло, нехта войкнуў і ляпнуў даланёй па скуры, нехта азваўся, нехта крыкнуў – больш нічога я не чула, навокал быў толькі шэры бетон і цемра, і сусвет застаўся рэхам, цьмяным адчуваннем іншай прасторы – я выслізнула па-за яе межы.

      Сястра Рыта крычала маё імя. Не адразу: спачатку рагатала разам з усімі, ушчыкала хлопцаў за разбітую вазачку з пацеркамі, дапамагала збіраць круглыя каменьчыкі і пластыкавыя шарыкі, якія раз’яднаў моцны ўдар аб падлогу з шэрага бетону.

      Рыта заўважыла маю адсутнасць тады, калі рукі суседа па дому скончылі даследаванне яе шыі і слізганулі ўніз па хрыбеціне.

      Кажуць, што мяне не было гадзіну. Стаяла пасярод вусцішы адзіноцтва. Ішла паміж бетонам і бетонам. Пралязала пад невядомым. Пераскоквала праз нішто. Свет застаўся недзе па-за мною, па-за гэтым бясконцым домам, які вёў ўверх, уніз, управа, ўлева, у нікуды, у мяне.

      Хлопцы і дзяўчаты разышліся па кутах і намагаліся зрабіць выгляд, што гэта няважна: проста выпадковыя кароткія размовы пасля сапраўды значнага абмену ўпрыгожваннямі, поўхамі і жартамі.

      Падлеткі вывучаюць адно аднаго, дзеці – сябе, прыроду і нежывое.

      Бетонны замак, бязладны і немагчымы, атачаў усіх нас абалонкай цемры.

      Я ўбачыла дом дабудаваным, калі мне было сямнаццаць. Шэсць паверхаў, вастракутныя эркеры, цёмна-сінія металічныя гаўбцы, у якіх няма ні пагарды, ні велічы.

      Травы дасягаюць грудзей, калі адысці далей ад мяжы горада. У межах горада ўсё пераўзыходзіць чалавечае цела, але гэта ўражвае менш за дотык зялёнай сцябліны, марудны рух слімака і шматгалоссе птушак.

      Кожны год жыцця ўзмацняе ўнутры чалавека нешта такое, што робіць яго менш чулым да вышыні бетону, да плошчы шкла і хуткасці ліфтаў.

      Бабуліна хата, будоўля каля дома маіх стрыечных сясцёр – памяць пра будынкі, якія амаль не падняліся ад зямлі, з кожным годам хвалюе ўсё больш.

      Пакой

      Раней неяк можна было жыць. Канечне, не так, каб набываць што заўгодна і не думаць, але над кожнай СКАЧАТЬ