Название: Смерць у Венецыі
Автор: Томас Ман
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Зарубежная классика
Серия: Noblesse Oblige
isbn: 978-985-7165-87-2
isbn:
Ён сказаў гэта недзе за два месяцы да сваёй смерці. Аднойчы яго знайшлі пажаўцелым, паралізаваным у крэсле яго прыватнай канторы; ён адно нешта невыразна мармытаў, а праз тыдзень у яго пахаванні браў удзел увесь горад.
Маці сядзела, кволая і ціхая, на канапе каля круглага стала ў гасцёўні, і амаль увесь час яе вочы былі заплюшчаныя. Калі сёстры і я завіхаліся каля яе, то яна часам ківала галавою ды ўсміхалася, пасля чаго зноў маўчала і нерухома, склаўшы рукі на падоле, разглядала шырока расплюшчанымі, адчужанымі і сумнымі вачыма выяву багоў на шпалерах. Калі прыходзілі паны ў сурдутах са справаздачамі аб ходзе ліквідацыі, то яна таксама ківала галавою і зноў заплюшчвала вочы.
Яна больш не грала Шапэна, і калі час ад часу праводзіла па галаве рукою, то тая, бледная, кволая і зняможаная, дрыжала. Амаль праз паўгода пасля смерці бацькі яна прылегла і памерла, без адзінага гуку скаргі на боль, без змагання за жыццё…
Вось і закончылася ўсё. Што яшчэ мяне ўтрымлівала тут? З прадпрыемствамі, добра ці дрэнна, расквіталіся; выявілася, што на маю долю спадчыны выпала каля ста тысяч марак, і гэтага было дастаткова, каб зрабіць мяне незалежным – ад усяго свету, пагатоў мяне, няважна з якой прычыны, прызналі непрыдатным да вайсковай службы.
Больш нічога не звязвала мяне з людзьмі, сярод якіх я гадаваўся, вочы якіх разглядалі мяне ўсё больш адчужана і здзіўлена, а светапогляды якіх былі занадта аднабаковымі, каб я быў схільны іх падзяляць. Варта прызнацца, што яны мяне разумелі правільна, менавіта як закончана бескарыснага чалавека; так разумеў сябе і я. Але скептычна і даволі фатальна, каб – як казаў мой бацька – ставіцца да сваіх "талентаў паяца". Весела і радасна згадзіўшыся атрымліваць асалоду ад жыцця па-свойму, я не пакутаваў ад недахопу самазадаволенасці.
Я атрымаў сваю невялічкую долю маёмасці і, амаль не развітваючыся, пакінуў горад, каб у першую чаргу павандраваць па свеце.
VII
Гэтыя наступныя тры гады, калі я з прагавітай жарсцю аддаўся тысячам новых, зменлівых, багатых уражанняў, я прыпамінаю цяпер як цудоўны, даўні сон. Як даўно гэта было, калі я адзначаў Новы год з манахамі на Сімплоне паміж снегам і лёдам; калі я ў Вероне шпацыраваў па П’яца Эрбэ[33]; калі я з Борга Сан Спірыта[34] ўпершыню зайшоў пад каланады сабора Святога Пятра, а мае запалоханыя вочы разбягаліся па велізарнай плошчы; калі я глядзеў уніз з Корса Віторыа Эмануэле[35] на зіхоткі белы Неапаль і бачыў, як далёка ў моры ў блакітным мроіве расплываецца грацыёзны сілуэт Капры… У сапраўднасці прайшло з таго часу шэсць гадоў, не больш.
О, я жыў зусім асцярожна і адпаведна сваім магчымасцям: у простых прыватных памяшканнях, у танных пансіёнах СКАЧАТЬ
33
П’яца Эрбэ – плошча ў Вероне.
34
Борга Сан Спірыта – адна з рымскіх вуліц.
35
Корса Віторыа Эмануэле – праспект у Неапалі.