Название: План Бабарозы
Автор: Павал Касцюкевіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-609-8147-41-4
isbn:
Усе тыя высілкі збольшага ішлі на глум, бо голасныя ўшчуванні вярнуць мяне да рэчаіснасці і абавязкаў проста не даходзілі да вушэй. Патаналі ў чароўным шматгалоссі бабульчынага вуркату і дзядоўскага сакатання. “Ігарочачак, Ігарочак, Ігароша, Ігаль…” Раставалі разам з шызымі арабескамі, выпушчанымі ў паветра Дзядзюлевай папяросай.
Урэшце бабулі і дзяды, нібыта задаволеныя крывасмокі, раз’язджаліся па сваіх менскіх кутах і закуточках. З адвіслымі ад гаварнечы сківіцамі, пакідалі нас адных з бацькамі ў двухпакаёўцы на мікрараёне Зялёны Луг. Або вярталі мяне нядзельным вечарам пасля п’янкіх і галюцынагенных выходных з хрушчоўкі на Кнорына (ці брэжнеўкі на Чкалава) вярталі на дзявяты паверх у зялёналужскую панэльку.
Як толькі нас пакідаюць сам-насам, дык бацька, яшчэ не паспеўшы сцерці з твару развітальную ўсмешку, насамперш адчыняе ў маім пакоі фортку, ледзьве не вырываючы клямар з мясам. Каб скавыш здзьмуў, сарваў з маёй вопраткі прыблудны ачмур крамольнага летуценніцтва. Каб бескарысныя і, можа, нават шкодныя гісторыі, што прасякалі мяне ў дзядоўскіх сералях, павыходзілі праз фортку прэч.
Прахоплены сцюдзёным скавышом, я азіраюся. Казачныя краіны з дзіўнымі назовамі, кліматам і ландшафтам, што стракатым кілімам яшчэ зранку высцілаліся перад маім унутраным позіркам, цяпер пакрысе знікаюць, злушчваюцца. Праступае шэра-нудны слой менскай рэальнасці.
І толькі тады бацька пачынае гутарку, патрабуючы падрабязнай справаздачы. Дакладных лічбаў і фактаў. Шпіёнскіх звестак з далёкіх калоніяў. Ці п’е яшчэ Дзедлёня свой любовегонны чыфір? Колькі меладрамаў запар паглядзела Бабагруня суботнім вечарам? І ці ўсміхаецца Дзедбарыс сваёй заўсёднай дурнавата-мройнай усмешкай таксама ўва сне?
Я пэкаю і мэкаю. Нібыта Лоўрэнс Аравійскі, пасланы колісь лонданскім начальствам у пустэльню на выведку, я вярнуўся зачараваны бляскам Усходу. Атрымаўшы ад тубыльцаў дабротаў і ўзнагародаў, цяпер я адмаўляюся выдаваць сувораму шэфу, вусатаму генералу Эдмунду Аленбі новых сяброў.
Тым часам еўрапейская іерархія аднаўлялася ў бацькоўскім доме агнём і мячом. Я наноў прывыкаў да выхаваўчага чаргавання караў і заахвочванняў. Мама бязлітасна пасылала мяне ў краму па батон або загадвала вынесці вядро са смеццем. Сына навярталі ў рэальнасць, упіхваючы ў руку доўгі спіс абавязкаў. Справядлівае размеркаванне рэсурсаў, гэтак любае бацькам і гэтак пагарджанае дзядамі, зноў убіралася ў моц.
– Кожнаму з нас па два кубікі шакаладкі, Ігар, а большасць пліткі пакінем на заўтра, – кажа бацька, і да майго горла падкатваецца камяк крыўды:
“Чаму два, а не тры, чаму не чатыры? Чаму не ўся плітка?”
Улучыўшы хвіліну між экзекуцыямі, я зашываўся ў прыбіральню. Там, седзячы на ўнітазным вечку з няспушчанымі порткамі, у прыпадку няшчаснасці я мерна разгойдваўся. Размазваў слёзы па шчацэ. Заўтра ў нудотную школу, а я тут, сярод СКАЧАТЬ