План Бабарозы. Павал Касцюкевіч
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу План Бабарозы - Павал Касцюкевіч страница 13

СКАЧАТЬ з чым?

      Не даўшы мне і пальца ўсунуць, Дзедбарыс тады адразу сам на свае рытарычныя пытанні і адрэагаваў:

      – Вось і выходзіць, што ніхто іншы з нармальных людзей, а не з гэтых яйцакрутаў, не хоча быць прэзідэнтам.

      Дзякуючы румынскаму паўстанню на якія два тыдні Дзядзюля забыўся на закарэлую ад даўніны варажнечу з Бабарозай. Цяпер, пасля столькіх гадоў разводу і разладу з былой жонкай Бабагруняй, ён наважыўся завітаць да яе і былой цешчы Бабарозы ў брэжнеўку на Чкалава. Радасны і самаіранічны, Дзядзюля зусім ужо пасябраваў з Дзедлёнем, другім мужам Бабагруні, хударлявым падцягнутым пенсіянерам, колішнім падпольшчыкам.

      Дзядзюля апавядаў і апавядаў пра павешанне румынскага дыктатара і яго жонкі гэтак, нібыта бачыў усё на свае вочы. Пасёрбваючы Дзедлёнін чыфір, Дзядзюля прыгаворваў, што хутка небаракі-румыны зажывуць як след. Што ўся Усходняя Еўропа нарэшце скіне са сваіх змучаных плячэй крывавых і бесталковых дыктатараў. Так, сапраўды, у тыя дні румынскай рэвалюцыі Дзядзюля, разважны і шматмудры пячкур, абсалютна не кантраляваў сябе.

      Дзядзюлеў уздым я прыгадаў гадоў праз колькі, у пару, калі, ледзьве ачуняўшы ад шматвекавой няволі, ужо і беларусы ўправіліся прыдбаць свайго тырана.

      Два месяцы пасля першых і апошніх дэмакратычных выбараў у сваім жыцці Дзядзюля быў дэмаралізаваны ўшчэнт. На яго стала шкада глядзець. Дысідэнт у душы пасівеў і згорбіўся. Пакрысе адбіўся ад сну і ежы. Варта было толькі яму пачуць па БТ або па “Радыё-1” чарговую прамову “гэтага Македонскага”, як у Дзядзюлі пачыналася арытмія. Мой палкі аматар гісторыі і палітыкі надта добра засвоіў, да чаго прыводзяць хамуйлаватыя маналогі перад камерай. Гэтая нахрапістая гульня ў адну браму. Дзядзюля ўжо цудоўна ведаў на красамоўных прыкладах з гісторыі, чаго чакаць ад флірту ўлады са звярамі калектыўнай падсвядомасці.

      Каб хоць неяк прывесці Дзядзюлю да ладу і рытму, падчас аднаго з маіх да яго візітаў я як бы незнарок запытаўся, ці радаваўся б ён, калі б і ў нас, як колісь у Румыніі Чаўшэску, народ скінуў бы Македонскага.

      Гэта дапамагло. Дзядзюля, які толькі што млявы і абыякавы да жыцця ляжаў на канапе перад выключаным тэлевізарам, цяперака ажно падскочыў, падняўшы вакол сябе фантан з падушак.

      – Ціпун табе, Ігаль! Ты што, здурнеў? – галасіў ён. – Ты ўвогуле думаеш наперад, што кажаш?!

      Кроў увачавідкі вярталася да бледнага чала Дзядзюлі.

      – …То тады тут будзе хаос, анархія! Ты што, не разумееш, што наступіць разгул антысемітызму і пагромы?!

      Дзядзюля ставаў на дыбкі. Яго вочы шалёна круціліся. А голас зрабіўся трубны. Дзядзюля нагадваў параненага дзідай слана.

      – Ну, зладзяць набліжаныя патрыцыі змову і скінуць Македонскага, – пачаў Дзядзюля ў сваёй манеры аматара гісторыі. – Ну, будзе добра ім усім які тыдзень… Хай сабе месяц будзе ўсім воля… Але потым усё зробіцца яшчэ горай і паскудней. Усе будуць СКАЧАТЬ