Дэманы доктара Глінскага. Сяргей Егарэйчанка
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Дэманы доктара Глінскага - Сяргей Егарэйчанка страница 10

СКАЧАТЬ што, акрамя як пра наступную прыступку вашага развіцця. Усё ваша жыццё складалася з ланцужка «праблема-рашэнне-крок на наступны ўзровень». Вы не апускалі галаву, таму што бачылі перад сабой цікавыя задачы і іх рашэнне. Вы не ведалі галечы, закона джунгляў звычайнай школы для простых смяротных у бедных краінах. Для вас ніколі не існавала маральнага выбару, які ўзнікае ў чалавека, што толькі атрымаў зарплату і ў тую ж хвіліну думае не пра тое, на якія добрыя рэчы ён яе выдаткуе, а пра тое, як яму паступіць: заплаціць за чарговы рамонт старой машыны, адкласці смешныя капейкі на далёкую і амаль нязбытную мару або плюнуць на ўсё і спусціць усе грошы на дзіця, якому так хочацца купіць на лета новую вопратку і вялікую цацку. Вы ніколі не ведалі, як гэта – мець на руках толькі што атрыманыя капейкі, думкамі ўжо быць там, дзе ад іх не засталося нічога, а наступная зарплата толькі праз тыдзень. Вы не ведалі, што ўласнае жыллё, якое памерам і якасцю ледзь пераўзыходзіць сабачую будку, можа быць нязбытнай марай. Не ведалі, што падарожжы нават у суседнія краіны могуць быць страшным цяжарам для сямейнага бюджэту, адужаць які практычна не ўяўляецца магчымым, асабліва калі на руках малое дзіця, якому патрэбнымінімальны ўзровень камфорту і запас асабістых рэчаў – чаго не могуць прапанаваць малабюджэтныя авіярэйсы. Божа, ды пра што я кажу, вы нават не зусім можаце ўявіць сабе краіну, у якой няма лаўкост-перавозчыкаў! А так жывуць мільёны, калі не мільярды людзей ва ўсім свеце! Калі б вы паглядзелі на простых мужчын і жанчын вашага ўзросту ў маёй краіне, вы жахнуліся б ад таго, якімі старымі яны выглядаюць, калі, вядома, наогул яны дажываюць да такіх гадоў.

      Я сам так пражыў больш за палову свайго жыцця. Але я змог вырвацца з гэтай страшнай багны і пазбавіцца таго самага прэсу, які цісне на звычайных людзей штосекундна, нават у моманты радасці, а ўжо тым больш у хвіліны няшчасця. Я сказаў бы, што гэта поспех, але я не веру ў яго – толькі ў пякельную працу, якая не пакідае сіл ні на што: ні на падарожжы, ні на забавы, ні, часам, нават на сям’ю.

      А гэта ж норма для многіх там, дзе само асяроддзе не дае думкі пра тое, што бывае іншае жыццё. Яны рана старэюць і рана паміраюць, пакінуўшы самае святое, што было ў іх – свае нерэалізаваныя мары. Менавіта яны – мары – згінаюць іх пазваночнік, шчодра пасыпаюць інеем галовы, тупым нажом размякчаюць лінію зморшчын на твары. І так з года ў год, з пакалення ў пакаленне. Вы пражылі шчаслівае жыццё, у якім не было гэтага прэсу, здольнага давесці да вар’яцтва. Я адказаў на ваша пытанне?

      Эш пацягнуўся і ўзяў са стала рамку з фатаграфіяй.

      – Вы дарэмна гаворыце пра мяне як пра чалавека, які не бачыў пакут у сваім жыцці. Па службе мне, як, зрэшты, і вам, даводзілася бываць у такіх месцах, у параўнанні з якімі тое, што вы апісваеце, падалося б раем проста таму што ёсць само жыццё і ёсць праца, якая можа хоць неяк гэтае жыццё забяспечыць.

      – Вы бачылі гэта, доктар Эш, а бачыць і быць часткай гэтага – дзве вялікія розніцы. Вы заўсёды вярталіся, вам было куды вярнуцца. У людзей, якія жывуць такім жыццём, вяртацца няма куды.

      – У вас ёсць дзеці, доктар Глінскі?

      – Дачка.

СКАЧАТЬ