На парозе раю. Зінаіда Дудзюк
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу На парозе раю - Зінаіда Дудзюк страница 2

СКАЧАТЬ год туды, год сюды. Якая розніца? Было б здароўе. Давайце пагаворым па-чалавечы. Я адкажу на пытанні, задаволю вашу цікаўнасць. Але, ведаеце, мне не вельмі хочацца, каб пра мяне пісалі.

      – Хіба пра такое можна маўчаць? Нейкія зламыснікі абылгалі вас, ні ў чым не вінаватага чалавека, назвалі ворагам народа, а вы будзеце трываць і насіць у сабе сваю крыўду?

      – Я ўсім даравала, інакш не выжыла б… Гэта мой лёс. Які Бог даў, такі і прыняла.

      – Разумею, але і нягоднікі павінны ведаць, што за хлусню трэба адказваць. Калі яны некага абмазалі брудам, дык няхай хоць праз шмат гадоў іхні бруд вернецца да іх. Усе злачынныя справы абавязкова будуць выкрыты.

      – Мне не хацелася б згадваць іхнія прозвішчы па той простай прычыне, што, можа, некага з іх і жывога ўжо няма. Самі ведаеце, пра мёртвых дрэнна не кажуць. А калі ёсць у іх дзеці ці ўнукі, дык яны ж не павінны адказваць за грахі бацькоў і дзядоў.

      – Мы не суддзі, Клаўдзія Міхайлаўна. Мой артыкул нікому не нашкодзіць. Проста раскажыце пра сябе ў той скрушны для вас час, – папрасіла журналістка.

      – Безумоўна, тады мне было вельмі крыўдна і цяжка, што мяне, маладую, апантаную жаданнем працаваць, служыць радзіме, пасадзілі ў турму. Я ж прайшла вайну, была падпольшчыцай, сувязной, партызанкай, выжыла ў час акупацыі, а тут свае расправіліся ні за што. А як невыносна было пасля таго, як выйшла з турмы! Я аказалася выкрасленаю з жыцця, на працу нікуды не бралі, скрозь натыкалася на пагардлівыя позіркі.

      На вочы жанчыны навярнуліся слёзы, яна выцерла іх, і, можа, толькі цяпер Юля заўважыла, зморшчаную сухую скуру на руках. Ды і твар раптам пакамечыўся, ці гэта знянацку сонца высвеціла дробныя маршчынкі, якія перакрэслілі шчокі, лоб, шыю старой.

      – Клаўдзія Міхайлаўна, прашу вас, не хвалюйцеся. Усё ж мінула. Я думала, што вы зможаце паглядзець на той час нібы збоку і не засмучацца.

      – Гэтая рана незагойная. Мінулае нікуды не знікае, яно заўсёды з намі. Ведаеце што, давайце я вам згатую гарбаткі. Прывыкла я там, у Сібіры, душу адаграваць гэтым напоем, відаць, інакш не атрымаецца ў нас гаворкі.

      – Буду ўдзячная, – адказала журналістка са сваёю нязменнаю ўсмешкаю прыгожа акрэсленых вуснаў.

      Гаспадыня затрымала на ёй позірк і сказала:

      – А ў вас, напэўна, шмат прыхільнікаў.

      – Няшмат, – сумелася Юля. – А калі і ёсць, дык далёка не тыя, хто мне можа спадабацца.

      – І што ж вы робіце з тымі, хто асабліва назаляе?

      – Пасылаю куды далей, – лёгка адказала дзяўчына.

      – А калі гэта начальства?

      – Раблю выгляд, што нічога не заўважаю.

      – І не баіцеcя страціць працу?

      – Журналіст – гэта ж не пасада, а толькі чорная будзённая праца. Гані радкі дзень пры дні!

      – Шчаслівы ў вас характар. Пашанцавала вашаму мужу.

      – Я не замужам.

      – Колькі ж вам гадочкаў, калі не сакрэт?

СКАЧАТЬ