Название: Палескія рабінзоны
Автор: Янка Маўр
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Книги для детей: прочее
isbn: 978-985-02-1304-4
isbn:
– Не ведаю.
– Як жа так?
– Ды так. Паплыў.
– Што ж гэта такое? – у роспачы крыкнуў Віктар.
– Прыгода, – спакойна азваўся Мірон са свайго дрэва.
– Што ж ты нарабіў?
– А можа, гэта ты нарабіў?
– Ты ж у чоўне застаўся!
– Хацеў бы я паглядзець, як ты застаўся б, каб цябе так штурханулі, – адказаў Мірон.
Так спрачаліся яны, пакуль не прайшло першае ўражанне ад няшчасця. Ніхто нікога сур'ёзна не вінаваціў, ды і карысці ніякай ад гэтага не было б, але ж трэба было па прывычцы аднаму аднаго папікнуць. І толькі пасля таго сталі яны абмяркоўваць, як выйсці са становішча.
А становішча было такое, што ім нікуды нельга было падацца, апрача таго лесу, што віднеўся наперадзе за кіламетр ці трохі болей. Невядома, ці здолелі б хлопцы праплысці такую адлегласць у адзежы, у сцюдзёнай вадзе, каб гэта была рака ці возера. А на залітым вадою балоце яны мелі шмат «станцый» для адпачынку – дрэвы, кусты і проста неглыбокія мясціны.
Было каля поўдня. Неаглядная водная прастора іскрылася на сонцы. З захаду ледзь дыхаў цёплы ветрык. Вада ціхенька плюхалася каля дрэў. Уверсе са свістам праляцелі дзве качкі. Сонца прыемна сагравала мокрае адзенне хлопцаў. Настрой у іх палепшыўся, асабліва ў Віктара. Ён нават пачаў жартаваць:
– Калі-небудзь, можа, будзем дзякаваць, што так здарылася. Тут табе і мора, і аварыя карабля, і таемны востраў, а там сустрэнуцца дзікуны, бегемоты, кракадзілы, тыгры…
– Невялікае шчасце сустрэць тыгра з голымі рукамі, – сказаў Мірон.
– А ты хочаш, каб табе ўсё гатовае было? Тады лепш было сядзець дома.
– Я і згадзіўся б цяпер лепш сядзець дома. Можа, каб апісаць усё гэта ў кніжцы, дык які-небудзь дурны хлопец і захацеў бы быць на нашым месцы. А я наперадзе не чакаю нічога добрага.
– Эх ты! – з пагардай сказаў Віктар. – Што будзе з цябе далей, калі ты ўжо цяпер раскіс?
Мірон усміхнуўся.
– Прадбачыць – гэта не значыць раскіснуць. Паглядзім яшчэ, хто будзе больш трывалы. Але час ужо ў дарогу. Эх, не хочацца зноў лезці ў сцюдзёную ваду!
– Пачакай, можа, варта яшчэ пашукаць нашага чоўна? Можа, ён зачапіўся дзе? – сказаў Віктар. – Маё дрэва вышэйшае, я з яго пагляджу.
– Дзе там! – безнадзейна махнуў рукой Мірон. – Гэтая гладкая калода нават не мае чым зачапіцца. Ды і вір круціць тут ва ўсе бакі.
– Так яно і ёсць! – сказаў Віктар, калі зірнуў зверху. – Вунь ён ужо выходзіць у возера. Нічога не зробіш, прыйдзецца плысці.
І хлопцы пусціліся ў далейшую дарогу.
Вельмі хутка яны пераканаліся, што плысці ў адзенні – гэта вялікая пакута. Мокрае адзенне і рухацца перашкаджала, і ўніз цягнула. Спачатку хлопцы маглі праплысці без адпачынку якую сотню метраў, а потым усё менш і менш. Справа ўскладнялася яшчэ тым, што «станцыі» размяшчаліся зусім не так, як хацелася б. СКАЧАТЬ