Название: Галасы (зборнік)
Автор: Макс Шчур
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7165-45-2
isbn:
Сёння Васільевічу было асабліва няўтульна сядзець на скураным сядзенні тралейбуса – ён не мог засяродзіцца на тэксце ўласнае манаграфіі, якую мусіў да заўтра падрыхтаваць да друку, бо ў яго было дзіўнае адчуванне, што ён займае чыёсьці месца. Пры гэтым у тралейбусе не было ніводнага чалавека, які быў бы варты таго, каб яму гэтае месца саступіць. Вунь абапіралася на кульбу старая бабка з Камароўкі, вартая хіба толькі сякеры Раскольнікава, вунь хістаўся перапрацаваны п’янтос, вунь талдычыла сабе пад нос іншамоўныя вершы дзяўчынка-школьніца, вунь з непрыхаваным прафесіяналізмам абвілася вакол шаста цяжарная малалетка-распусніца… Як ніколі дагэтуль, Васільевіч адчуў сябе чужым сярод гэтых людзей, якіх язык не паварочваўся назваць ягонымі суродзічамі. Столькі гадоў ён падманваў сябе надзеяй, што здолее дагукацца да страчанай душы свайго народа, і вось цяпер адчуваў сябе парыем, якому ў гэтым горадзе няма месца нават у тралейбусе…
Васільевіч ехаў са Свабоднага Радзіва, дзе браў удзел у перадачы на тэму «Як я правёў лета», у сваё (ах, каб жа яно насамрэч было ягоным!) выдавецтва, і яго жыццё праходзіла цяпер перад ягоным затуманеным шыбамі тралейбуса зрокам як ніколі выразна. Лета ён, між іншым, правёў на вёсцы, за чытаннем мала ўжо каму зразумелых кніг Лукаша Калюгі й Янкі Станкевіча, пра што і апавядаў на працягу сарака хвілін вядоўцу, які па-зямляцку запрасіў яго ў радыёэфір. Цяпер Васільевіч зноў замест восеньскае слаты бачыў за акном сенажаць, бачыў грыбы ў лесе, яшчэ не атручаныя радыяцыяй, бачыў руіны паблізнага панскага маёнтка, дзе ягоныя прашчуры працавалі конюхамі, чуў перадсмяротны віск суседскага кабанчыка, адчуваў смак крынічнай вады й смурод з драўлянае будкі калектыўнага карыстання – усё гэта ядналася ў ягонай галаве пад поймам «дзяцінства». Надта ж кароткай была тая райская пара бестурботнасці й гарманічнага зліцця з навакольным асяроддзем, перарваная неабходнасцю вучыцца грамаце й выпраўляцца ў вялікі свет…
У адрозненне ад Пінокіа, Васільевіч вырас без таты Карла – ці насамрэч бацьку звалі Васілём, пэўнасці не было ні ў кога, але так ужо за ім замацавалася… Маці ягоная была даяркай-ударніцай (то-бок грала на ўдарных інструментах у калгасным ансамблі народнай песні) і часцяком наведвала з гастролямі вялікія гарады вобласці, адкуль аднойчы разам з граматай за трэцяе месца ў конкурсе музычнай самадзейнасці і прывезла на сваю галаву Васільевіча. СКАЧАТЬ