Мы – хлопцы жывучыя. Іван Сяркоў
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Мы – хлопцы жывучыя - Іван Сяркоў страница 6

Название: Мы – хлопцы жывучыя

Автор: Іван Сяркоў

Издательство: Электронная книгарня

Жанр: Детская проза

Серия:

isbn: 978-985-02-1159-0

isbn:

СКАЧАТЬ style="font-size:15px;">      А на дварэ не восень і не зіма. То імжыць золкі, дробны, быццам мак, дождж, то лётаюць белыя мухі, то сякуць па шыбах снежныя крупы, то зноў ідзе дождж.

      – Не пагода, а самая хвароба, – уздыхае бабка. – I як толькі тыя салдаты ў акопах сядзяць?!

      I сапраўды, мы з Глыжкам і кашляем, і перхаем на розныя галасы: Глыжка – тонка, залівіста, што свісток, а я – глухім басам, як у бочку. У мяне кашаль нутраны.

      – Так-так! – падбадзёрвае нас бабка. – Болей, нячысцікі, расхрыстаныя бегайце, яшчэ не тое будзе. Немцаў перажылі, дык кашаль шлункі адаб’е. Гэта ж трэба – не раўнуючы, як сабакі гаўкаюць!

      Сама бабуля ніколі расхрыстанай не бегае. Немаведама дзе яна знайшла нямецкі фрэнч і хацела, каб я яго насіў. Толькі не на таго натрапіла – ніякія ўгаворы не памаглі. Каб хлопцы Адольфам дражнілі?

      – Ну і толькі тае бяды, – сказала бабка. Укараціла ў фрэнча рукавы і цяпер не здымае яго з сябе з раніцы да позняга вечара.

      У вайсковай адзежыне яна вельмі смешная. Фрэнч вісіць на ёй, як на коліку. Крыссе звісае аж да каленяў, выраз каўняра шырачэзны.

      – Баб, каску табе даць?

      – А ідзіце вы свіней пасвіць, мае ўнукі.

      Калі бабка, апрануўшы свой «хрэнч», яшчэ накіне на галаву і падраную, невядома ўжо якога колеру хустку, мы аж паміраем з рогату.

      – Глядзі-тка. Шалдат! – паказвае пальцам Глыжка.

      Бабка пакрыўджана падцінае губы, і тады яе барада ледзь не кранаецца дзюбатага носа. А шчокі западаюць глыбока-глыбока: у бабкі не засталося ўжо і тых зубоў, што былі да вайны. Яна засмучана ківае: ну што ты з яго возьмеш, з гэтага бясштанькі? А на мяне яе добрыя вочы глядзяць з дакорам. Мне пара ўжо і свой хоць які-небудзь розум мець.

      Стараючыся паказаць, што нашы кепікі ёй не ішлі і не ехалі, бабка абыякава махае рукой і з пачуццём уласнай годнасці заўважае:

      – Вачам не прыгожа, затое душы радасна.

      Я прыціхаю, а Глыжка не сунімаецца. Замурзаны да самых вачэй, у зрэбных латаных штоніках на адной шлейцы, ён скача на прымурку і гыгыкае:

      – Гы-гы-гы, улашавец!

      Ну, гэта ўжо ліха ведае што! Тут нават я цыкнуў на малога, каб прыкусіў язык. А ў бабкі аж рукі апусціліся. Як падвязвала фартух, так і кінула не падвязаўшы. Ад крыўды ў яе задрыжалі губы, але голас зрабіўся такі лагодны, такі пяшчотны, быццам яна немаведама як узрадавалася, што яе так назвалі.

      – Во дзякуй табе, мой унучак даражэнькі, во і дачакалася я, мой саколік, ад цябе ласкі…

      А сама, папраўляючы стары дзяркач, ідзе міма печы на кут – збіраецца падмятаць хату.

      – Я думала, маё сонейка, што памру і добрага слова ад цябе не пачую.

      Глыжка нават разгубіўся: то на мяне зірне, то на бабулю і не можа зразумець, чаму гэта яна так мякка сцеле. Можа, бульбянога каржа зараз дасць, ці што? А калі ўгледзеў, што каржом тут і не пахне, дык было позна: пакуль шукаў нагой пячурку, каб ускочыць на печ, дзяркач разы два прайшоўся па яго штоніках.

      – А во табе – салдат! А во табе – уласавец!

СКАЧАТЬ