Название: Голад (зборнік)
Автор: Кнут Гамсун
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Зарубежная классика
Серия: Noblesse Oblige
isbn: 978-985-7165-10-0
isbn:
– Як жывеш, стары? Што такое, ты хворы? Божачкі, што ў цябе за твар!
І дзяўчына хуценька пабегла ў дом.
Я адразу ж спыніўся. Што гэта значыць – пра мой твар? Няўжо я паміраю? Я дакрануўся рукою да сваіх шчок: ну, вядома, я вельмі худы. Шчокі запалі, яны былі не раўнуючы як два сподачкі. Ах ты Божа! І я пасунуўся далей.
Потым я зноў спыніўся. Відаць, мая худзізна проста жахлівая. І вочы зусім запалі. Цікава, да каго я падобны? Няшчасная мая доля: жывы чалавек ператварыўся ад голаду ў гэткую разваліну! Мяне зноў ахапіла шаленства, гэта была нібы апошняя ўспышка, сутарга. Дык што, твар ніякі? У мяне добрая галава, іншай такой не знайсці ва ўсёй краіне; зрэшты, маю я і пару кулакоў, якімі – Божа барані! – я мог бы збіць якога службоўца на горкі яблык, а я тут гіну ад голаду ў самым цэнтры Хрысціяніі! Хіба гэта мажліва? Я жыў у свінарніку і высільваўся з раніцы да ночы, як чорны вол. Ад чытання ў мяне пагоршаў зрок, мозг высах ад голаду, – а што я атрымаў узамен? Нават вулічныя дзеўкі жахаюцца і крычаць «Божачкі!», убачыўшы мяне. Але цяпер гэтаму прыйдзе канец, – зразумела табе? – прыйдзе канец, чорт пабірай! …Я калаціўся ад шаленства і скрыгатаў зубамі праз тую слабасць, што ўзяла мяне; уваччу стаялі слёзы, з вуснаў зляталі праклёны; і гэтак вось я павольна рухаўся наперад, не звяртаючы ўвагі на прахожых. Я зноў пачаў мучыць сябе, наўмысна біўся лбом аб ліхтарныя слупы, глыбока ўцінаўся пазногцямі ў далоні; прыкусваў, як вар’ят, сабе язык, калі пачынаў казаць бязладна, і рагатаў кожнага разу, калі мне рабілася балюча.
– Ну, але што ж мне рабіць? – кажу я нарэшце самому сабе. І некалькі разоў тупаю нагой, паўтараючы: – Што ж рабіць?
Нейкі выпадковы прахожы кажа мне з усмешкаю:
– Папрасіце, каб вас арыштавалі.
Я паглядзеў яму ўслед. Гэта быў вядомы гінеколаг, які меў мянушку Герцаг. Нават ён не зразумеў майго стану, а мы ж былі знаёмыя і нават бывала, што рукаліся. Я прыціх. Папрасіць, каб мяне арыштавалі? Яго праўда: я звар’яцеў. Я адчуваў вар’яцтва ў сваёй крыві, адчуваў яго іскры ў мазгах. Дык вось які мне падрыхтаваны канец! Ну, ну! І я паклыпаў далей павольнымі, нібы на хаўтурах, крокамі. Значыць, вось які лёс чакае мяне!
Раптам я зноў спыняюся.
– Толькі не арышт! – кажу я. – Толькі не гэта!
Я страціў голас ад страху. Я прасіў, я маліў усіх святых, каб яны пазбавілі мяне ад арышту. Бо я зноў трапіў бы ў ратушу, мяне б зачынілі ў цёмнай камеры, дзе няма і пробліску святла. Толькі не арышт! Былі і іншыя магчымасці, якіх я яшчэ не спрабаваў. Але я іх паспрабую, я буду ўпарты, не пашкадую часу, пачну нястомна хадзіць з дома ў дом. Ёсць, напрыклад, нотная крама Сіслера: туды я пакуль што не зазіраў. Вось жа, было яшчэ выйсце са становішча… Ідучы, я мармытаў сабе пад нос, а потым зноў ціхенька заплакаў ад жалю да сябе. Толькі б мяне не арыштавалі!
Сіслер? Можа быць, гэта знак звыш? Яго імя прыйшло мне ў галаву само сабою; хоць жыве ён далекавата, я наведаюся да яго, я пайду СКАЧАТЬ