СКАЧАТЬ
Іх сказы зачытваю, каб ведалі пра насоўку ды воцат. І нашы часопісныя старонкі, з асобным творам, – у падарунак дасціпным, тым, хто ўсё ж здолеў загадку насоўкі разгадаць. З замілаваннем разглядаю школьнікаў. Любуюся хударлявымі дзяўчынкамі-падлеткамі, часам у кароткіх спадніцах, з прыгожымі нагамі – дзяўчынкі! І распачынаю свой выступ перад восьмым, дзясятым і адзінаццатым класамі: «Вы такія маладыя, крамяныя! Напэўна, і самі не ўсведамляеце, якія вы цудоўныя!» Мяне ўражвае, што васьмікласнікі нашмат больш юныя, чым дзесяцікласнікі. А вось пяты клас – увогуле іншая планета! Харызма якая! 10–11 гадкоў – гэта проста неверагодна! А настаўнікі? Часам адчуваеш, што яны вельмі інтэлігентныя, разумныя людзі, а часам – уражваешся іх глупствам і сістэмнасцю мыслення. І думаеш, якой непараўнальнай магла б быць прафесія педагога, калі б – без глухой і непрабівальнай сур’ёзнасці. Калі б – з глыбокай павагай да ўнікальнасці кожнага дзіцяці, з усведамленнем, што жыццё – для радасці і свабоды, а не для страху і прымусу. І можна, цалкам дапушчальна (!) нават не чытаць нейкія нудотныя кніжкі, бо ўсё адно – забудзеш. Цяжка сказаць, калі я абрала сваю працу ў часопісе «Маладосць». Можа, калі была дзесяцікласніцай? Тады я ненавідзела школу, фізіку і матэматыку. Рэальнасць была невыноснай, балючай, нецікавай… І таму я збягала ў кніжкі, каб… хоць нейкае апірышча і смак!.. Каб быць Кацяй-якаячытае-кніжкі, а не пасрэднай нікчэмнасцю. Я пакахала беларускую мову (але пагарджала аднакласнікамі!). І гулялася з мамай у родныя слоўкі вечарамі: насоўка, засень, воцат… Купіла Дастаеўскага ў перакладзе на беларускую, выпрасіла ў бібліятэцы другі камлект падручнікаў на матчынай мове, гадзіну «вісела» ў кнігарні – не Муракамі і Каэльё, а… сучасная беларуская літаратура! Не вельмі шчаслівая дзяўчынка, часам дык зусім няшчасная. Сябе – не любіць, аднакласнікаў – не любіць. Затое цэлы нататнік з беларускімі слоўкамі.
Аднойчы я заўважыла ў газетным шапіку, на выбітным месцы, часопіс «Маладосць». («Маладосць» у газетным шапіку?!. «Маладосць» на выбітным месцы?!.) На дварэ ўладарыў 2003 год, і я, школьніца, закаханая ў беларушчыну і зразумелая толькі мамай у неардынарным памкненні сваім.
Неўзабаве я стала падпісчыцай «Маладосці», яе заўсёдным чытачом. Сама сабе ўражвалася: з якім імпэтам прагортвала кожны свежы нумар! І ўглядвалася ў незнаёмыя яшчэ твары беларускіх літаратараў, і вучыла з «Маладосцю» беларускія слоўкі.
Памятаю, як зачыталася «Садам замкнёных гор» Сержа Мінскевіча («Маладосць» № 1 за 2004 год). Аказваецца, і ў сучаснай беларускай літаратуры ёсць фэнтэзі! З радасцю набыла яшчэ адзін нумар часопіса і падаравала прыяцельцы, вялікай аматарцы культавага Толкіена.
Сусвет як быццам падміргваў мне, даваў цікавыя знакі. У адным з нумароў прачытала прозу Адама Шостака. А ў хуткім часе да мяне завітаў знаёмы гродзенскі нефармал Кілаграм (заўважу, што Кіло – зусім не літаратар). І разам з ім… Адам Шостак!!! Я ж бачыла ягоную фотку ў «Маладосці», я ж зусім нядаўна чытала ягоную прозу!!! Што за чароўнае сцячэнне выпадковасцей!
А № 9 за 2003 год? Распачынаецца вершамі майго цяперашняга калегі
СКАЧАТЬ