Название: Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Автор: Людміла Рублеўская
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Исторические приключения
Серия: Пранціш Вырвіч
isbn: 978-985-90277-6-5
isbn:
Бутрым Лёднік быў сынам полацкага гарбара. Той меў маленькую майстэрню па вырабе скураў і вялікія надзеі на пашырэнне справы. Але адзіны сын, які атрымаў гучнае імя Баўтрамей, бацьку моцна расчараваў, бо ад смуроду сырых скураў увесь пакрываўся балячкамі ды млеў, як паненка пасля дзесяці мазурак. Адзінае, на што быў прыдатны – змешваць розныя солі ды вадкасці… Але гарбара з яго не выйшла б ніколі, хоць з самога ўсю скуру злупі. Давялося аддаць недарэку ў вучні да дурнаватага ўладальніка лаўкі кніжнай ды майстэрні пераплётнай купца Івана Рэніча. Дабрэнны чалавек, але дзівак: ідзе па вуліцы, у кнігу нос уткнуўшы, па начах у трубу на зоры глядзіць, яшчарак ды іншых пачварак у слоіках са спіртам трымае, ды яшчэ вока ўвесь час тузаецца, быццам на яго нябачная муха садзіцца. Адно слова – няма каму клёку дадаць, бо як з дачкой малой застаўся, так новую кабету ў дом і не ўпусціў. Жонка ад недарэкі самым ганебным чынам збегла з заезжым уланам. Дык Рэніч, замест таго, каб падаць у суд на распусную кабету, ды каб за валасы дамоў прыцягнулі, па закону змусілі адказваць за пералюбства, толькі выцер слязу ды адмахнуўся ад прапаноў: няхай, маўляў, жыве спадарыня Рэніч, як хоча, як ёй шчасней. А яшчэ падазрона, што з габрэямі сябруе, з аптэкарам Лейбам колькі вечароў за вучонымі размовамі правялі! Кажа – усе мы Божыя істоты, усім Гасподзь адну зямлю даў, у адным горадзе пасяліў, на адзін рынак ходзім – і няма чаго нам дзяліць, калі ворагі нашу зямлю падзяліць мараць. Няйначай, кабаліст і чарнакніжнік.
Вось тут, сярод цяжэнных фаліянтаў ды ўтульных томікаў ін-кварта, псалтыраў з залатымі буквіцамі ды філасофскіх трактатаў з загадкавымі малюнкамі Бутрым сябе й знайшоў, бо да навукі кніжнай аказаўся вельмі кемны, і ў стварэнні атрамантаў розных… Трактат Тэафіла “Аб разнастайных штукарствах” вывучыў ён напамяць гадоў у дванаццаць, і ўмеў скласці фарбу “посх” першага і другога роду, і фарбу вірыдонавую, і аўрыпігмент… І вывучыў, “чым валодаюць грэкі ў адносінах да розных фарбаў і сумесяў, што ведаюць у Таскане пра фініфць ды розныя віды чарнення і чым вылучаюцца арабы ў сваіх каваных, ліцейных альбо чаканных вырабах, якой разнастайнасцю сасудаў, гем, разной косткі з золатам і срэбрам знакамітая Італія, як любяць у Францыі розныя прыкрасы ў вокнах і як пашанотныя ў Германіі вытанчаныя працы з золата, срэбра, медзі, жалеза, дрэва і каменя”. А аптэкар Лейба навучыў яго разбірацца ў зёлках ды мікстурах, і складаць тынктуры, і распавёў пра суадносіны ў арганізме вадкасцяў, іначай – гумораў, а менавіта крыві, жоўтай жоўці, чорнай жоўці і флегмы, а яшчэ навучаў лаціне і старагабрэйскаму…
Іван Рэніч здольнасці хлапца заўважыў, сэрцам да яго прыхінуўся, цяпер было яму разам з кім глядзець на зоры і вывучаць заспіртаваных яшчарак. Бутрым засвоіў усе пераплётныя ўменні і мог працаваць надалей на гаспадара. Але прагу да ведаў Рэніч лічыў галоўнай вартасцю чалавека, таму вылучыў грошы на навучанне юнага Бутрыма, а нешта дадаў і аптэкар Лейба. Давялося гарбару змірыцца з тым, СКАЧАТЬ