Название: На крок назад, на дзень наперад (зборнік)
Автор: Сяргей Календа
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-609-8075-17-5
isbn:
Год вучобы праляцеў непрыкметна, у актыўных трэніроўках па некалькі гадзінаў на дзень. Гэты пажылы армянін абудзіў ува мне жаданьне пісаць музыку. Я з задавальненьнем слухаў яго пахвальбу на мой адрас, у яго былі пляны наконт мяне. Ён разгледзеў ува мне талент. Дома я ствараў маленькія пʼескі й потым запісваў іх на касэту.
Аднойчы ўвесну, калі я ўжо трэці год займаўся музыкай, здарылася адна падзея…
У вокны клясы ярка сьвяціла сонца, ад ягонага цяпла я зусім разамлеў і не хацеў граць, а Лявон Рубэнавіч, пасмоктваючы валідол пасьля пяціхвіліннага крыку й шпурляньня алоўкаў і асадак у розныя бакі, супакоіўся ад стрэсу й задрамаў. Я думаў, што мне далей рабіць: чакаць, калі ён прачнецца, ці сыходзіць дадому. І раптам Акапджанян расплюшчыў вочы й сказаў:
– Хлопчык мой, Гераньчык, я цябе на каленях прашу, ня горбся й не разьдзімай шчокі, і не запінайся, грай, добра грай! – яго голас гучаў спакойна. – Ідзі, калі ласка, да шафы, стань да яе сьпінаю, зрабі сьпінку роўнай-роўнай і грай! – голас трохі раздражняўся, яго відавочна дастала, што я ня мог сабрацца й добра адыграць пʼесу Шумана "Мроі".
І я пачаў граць усё, што ведаў, нават усе існыя гамы, сьпіна была ідэальная, шчокі не разьдзімаліся, але здрадліва пачалі падступаць сьлёзы. І мне стала так крыўдна! Так крыўдна, невыносна крыўдна! І сьлёзы, нарэшце, пацяклі самі сабою, яны струменіліся па шчаках і капалі на вопратку, а я ўсё граў і граў, зь неверагоднай злосьцю й так віртуозна, як ніколі ў жыцьці…
– О-о-о! Так! Гэта зусім іншая справа, гэта вельмі добра, хлопчык мой, гэта шык, кляс! Паміж небам і зямлёю! – настаўнік ад задавальненьня мружыў вочы й падскокваў у такт на крэсьле ад захапленьня.
І тут нечакана пачуўся стук у дзьверы. Настаўнік спытаў хто і запрасіў заходзіць. На парозе стаяла сьціплая жанчына зь дзіцем. Яна прыйшла пабыць на ўроку й паказаць сыну, каб зацікавіць яго музыкай.
– Мадам, паглядзіце на гэтага вучня, – зьвярнуўся да яе Лявон Рубэнавіч й паказаў пальцам у мой бок – дыямант! Плача, але грае! Талент!
У хлопчыка і ў ягонай маці вочы сталі квадратныя ад аднаго майго выгляду ў сьлязах. Яны самі прынялі неверагодна жаласны выгляд і быццам уціснуліся ў дзьверы, намагаючыся выйсьці.
Пазьней, у наступным навучальным годзе, я гэтага хлопчыка бачыў каля кабінэту цымбал. Мяне расьсьмяшыла, што ён абраў цымбалы. І я падумаў, які ж ён дурны – губляць настаўніка, які быў сябрам Шастаковіча й Хачатурана.
СКАЧАТЬ