Название: На крок назад, на дзень наперад (зборнік)
Автор: Сяргей Календа
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-609-8075-17-5
isbn:
Жыцьцё, якое падавалася тады досыць бесклапотным, цяпер бачыцца цалкам іншым. Я памятаю, як бацькам было цяжка з грашыма, калі Перабудова скончылася, калі тата вымушаны быў працаваць па некалькі зьмен запар на аўтазаводзе, і ён пачаў піць, і ў свае дваццаць восем стаўся майстрам гэтае справы. Я ў сямʼі быў раньнім дзіцём, і я трохі разумеў становішча бацькоў. Матуля таксама днямі працавала. І мяне дагэтуль зьдзіўляе, якім чынам яны знаходзілі вольны час і грошы, каб адвесьці мяне ў гурток альбо ў чарговую творчую школу. Мае бацькі рана пачалі сямейнае жыцьцё й не пасьпелі атрымаць пэўнай адукацыі, з усёй моцы імкнуліся даць мне ўсе магчымасьці для самарэалізацыі, таму, пачынаючы з чатырох гадоў і да дзевятнаццаці, я спрабаваў у жыцьці амаль усё.
Краіна вызвалілася ад савецкай улады й атрымала незалежнасьць, але цуд дзяцінства хаваецца ў тым, што яно не заўважае такіх дробязяў, як Перабудова, Рэвалюцыя альбо аўтарытарызм. Дзяцінства выдатна памятае першы замежны ровар-"горнік", першую рагатку, першы пацалунак з дзяўчынкай, першую цыгарэту, першае віно, першае каханьне, першае хобі, першыя фанцікі й жуйкі. Тое, што краіна магла разваліцца, а культура зьнікнуць, было неістотна. Нашае пакаленьне толькі пачынала жыць, і нам хацелася ўсяго таго, што мы бачылі ў новых каляровых тэлевізарах, усяго, што прапагандавала рэкляма й прадавалі шапікі ― ад модных цыгарэт да "сьнікерса". Хацелася жыць, як Мішкі Гамі альбо Дональд Дак, у цудоўным сьвеце "Уолта Дыснэя", які ствараў новую прастору, робячы нас няўдалым пакаленьнем зь незразумелымі разьбітымі марамі, з надзеямі й пʼянымі жаданьнямі ўсяго яскравага й замежнага, усяго таго, чаго бракавала ў шэрыя крызісныя часы. Мы імкнуліся кімсьці быць, мы імкнуліся да назапашваньня навыкаў і ведаў, якія ў будучыні разабʼюцца аб сьцены непаразуменьня й непатрэбнасьці. Хоць цяпер выходзь на вуліцу з апытаньнем, і кожны з нашага пакаленьня апынецца няўдалым эканамістам, бухгалтарам, юрыстам, тым самым адукаваным варʼятам, які ахвяраваў свае школьныя і ўнівэрсытэцкія гады на нікчэмную адукацыю, каб потым ня мець магчымасьці кудысьці ўладкавацца на працу, бо патрэбны вопыт, альбо ты проста той самы чарговы чалавек з пакаленьня "бэбі буму", з пакаленьня Перабудовы, і вас такіх зашмат на адно працоўнае месца. Так, зашмат вас, тых самых, з пакаленьня ружовых мараў, з пакаленьня першых каштоўных фанцікаў з-пад жуек і першых гульнёвых прыставак, у часіны, калі краіна амаль сканала, як той сабака…
2
Калі я патрапіў у спартовую залю па барацьбе дзюдо, мне адразу гэтае месца дзіка не спадабалася, бо ад матаў, якія зьмякчалі падзеньні барцоў, моцна й канцэнтравана пахла потнымі нагамі, і ня проста потнымі нагамі, але МУЖЧЫНСКІМІ потнымі нагамі, бо, як я адразу пабачыў, дзяўчат там не было, акрамя адной прыблуднай, якая цалкам выдавала на задзірлівага хлапчука.
Дык вось, маё знаёмства са спортам пачалося менавіта з гэтых матаў, якія анучай мыла прыбіральшчыца, прыціснуўшы мяне да сьцяны сваёю тоўстаю дупаю. Мыла яна маты і прыгаворвала: "Вось паскуды, пяску нанесьлі! Дзе яны тут пясок знайшлі?!" Міма яе велізарнага цела паціху пачалі прашчэмлівацца дзюдаісты, кіруючыся ў распранальню.
Падышоў настаўнік, і мама, узяўшы мяне за руку, прамовіла:
– Добры дзень, Ігар Юліянавіч, я вам тэлефанавала наконт майго сына, ці ёсьць у вас магчымасьць і вольнае месца для яго? – і мама павярнула галаву ў мой бок, прамовіла. – Павітайся ж з настаўнікам!
– Добры дзень, Ігар Ю-ю-вю-ве-ва-валяр… – крыху зьбянтэжыўся я, – мяне клічуць Гераня.
– Добры-добры, але, прабачце, я яго не вазьму. Колькі ж яму год? – адвёў ад мяне вочы настаўнік.
– Цяпер чатыры, але хутка будзе з паловай.
– Я ж вам яшчэ па тэлефоне сказаў, што ён замалы, я бяру дзяцей з шасьці-васьмі год.
– Але, шаноўны майстар-настаўнік, у вас тут усходнія адзінаборствы, і вы мне кажаце пра ўзрост? Хіба філязофія барацьбы ня кажа пра тое, што дзюдо мусяць займацца з нараджэньня?
З мамай цяжка было спрачацца, асабліва калі яе зацікаўленасьць у нечым была надта высокай. У выніку мяне запісалі на трэніроўкі, а празь некалькі тыдняў бацькі недзе дасталі сапраўднае кімано з выяваю Бруса Лі на сьпіне, які нагою бʼе ў падбародзьдзе жудаснага тыгра. Я быў у захапленьні СКАЧАТЬ