Название: Ён прыходзіў з дажджом (зборнік)
Автор: Коллектив авторов
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Классические детективы
Серия: Калекцыя «ПрайдзіСвет»
isbn: 978-985-90377-5-7
isbn:
Праз момант цёмны купал неба раскалоўся громам, і статуя няйначай ажыла. Чалавек зірнуў праз плячо і між іншым заўважыў:
– Хвіліны паўтары паміж сполахам і громам, але навальніца, здаецца, набліжаецца. Дрэва – не надта добрае сховішча ад маланкі, а месца, дзе можна схавацца, нам хутка спатрэбіцца, калі будзе дождж. Думаю, будзе зліва.
Хлопец трохі трывожна зірнуў на лэдзі і спытаў:
– Няўжо няма дзе схавацца? Вунь там, здаецца, дом.
– Там сапраўды дом, – змрочна адрэагаваў генерал, – ды толькі не надта гасцінны.
– Цікава ж выйшла, – сумна адказала яго жонка, – што мы трапілі пад навальніцу, і адзіны ў наваколлі дом – гэты.
Нешта ў яе тоне быццам выпрабоўвала хлопца, у якім спалучалася чуллівасць і здольнасць разумець, але спадара з Таронта тое зусім не бянтэжыла.
– Што з ім не так? – спытаў ён. – На выгляд амаль руіны.
– Гэты асабняк, – суха адказаў генерал, – належыць маркізу Марну.
– Ого! – сказаў сэр Джон Кокспэр. – Я чуў пра гэтага фрукта не раз, той яшчэ дзівак. Летась прысвяціў ягонай гісторыі першую паласу ў “Комет”. “Нікому не вядомы маркіз”.
– Але, я таксама пра яго чуў, – напаўголасу сказаў малады Мэлаў. – Якіх толькі баек не расказваюць пра тое, чаму ён так хаваецца. Я чуў, што ён носіць маску, бо шалудзівы. А нехта казаў мне, што на яго сям’і ляжыць праклён, дзіця нарадзілася з нейкай страшэннай выродлівасцю, і яго хаваюць у цёмным пакоі.
– У маркіза Марна тры галавы, – на поўным сур’ёзе заўважыў Рамэйн. – Раз на тры стагоддзі іх генеалагічнае дрэва аздабляе трохгаловы маркіз. Ніхто не насмельваецца набліжацца да праклятага дома, акрамя маўклівай чарады шапавалаў, якіх пасылаюць, каб забяспечыць сям’ю неверагоднай колькасцю капелюшоў. Але, – і яго інтанацыя зрабіла адзін з тых глыбокіх і страшных паваротаў, што выклікалі такое захапленне ў тэатры, – сябры мае, людзі капелюшоў такой формы не носяць.
Амерыканка пахмура паглядзела на яго з лёгкім ценем недаверу, быццам той фокус з голасам мімаволі ўзрушыў яе.
– Мне не даспадобы вашыя агідныя жарты. – сказала яна, – У любым разе, я б папрасіла вас больш так не жартаваць.
– Слухаю і падпарадкоўваюся, – адказаў актор, – але ці забаронена мне, як Лёгкай брыгадзе ў вершы Алфрэда Тэнісана, нават пацікавіцца, у чым прычына?
– Прычына, – адказала яна, – у тым, што ён не нікому не вядомы маркіз. Я сама знаю яго, ці, прынамсі, была з ім вельмі добра знаёмая трыццаць гадоў таму, калі мы ўсе былі яшчэ маладымі, а ён служыў аташэ ў Вашынгтоне. І ён не насіў маскі, прынамсі, не пры мне. Ён не быў шалудзівым, хоць, можа, і быў нагэтулькі ж самотным. Ён меў толькі адну галаву і ўсяго адно сэрца, і яно было разбітае.
СКАЧАТЬ