Хвілінка. Тры гісторыі. Ігар Бабкоў
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Хвілінка. Тры гісторыі - Ігар Бабкоў страница 2

СКАЧАТЬ гастранамічнымі радасцямі. Трэба адразу сказаць, некаторыя не вытрымоўвалі выпрабаванняў і заварочвалі назад, затыкаючы насы і вушы. Але тыя, хто дайшоў да канца, былі ўзнагароджаныя. Не адразу, вядома.

      Спачатку трэба было агледзецца.

      Справа – барная стойка. За ёй стаяў невысокі чалавек і ўважліва глядзеў на тых, хто дайшоў.

      Гэта быў бармен, але штосьці відавочна было не так у яго выглядзе, гэта адзначалася амаль адразу. Зрэшты, было незразумела, што менавіта. Нейкія дробязі: троечка выглядала на ім занадта добра, амаль па-прафесарску, погляд уважлівы, але без ацэнкі. Калі ты прыходзіў сюды трэці раз, ты ўжо чамусьці разумеў, што яго завуць Леа, – хаця вы й не знаёміліся, проста нейкія ўрыўкі размоваў, цьмяныя прадчуванні.

      Ён выходзіў у залу ўрачыста, за паўгадзіны да пачатку работы і ўключаў каўны апарат, каб той нагрэўся. Потым сядаў на высокі зэдлік з таго боку барнай стойкі і заціхаў на пэўны час. Чытаючы кнігу, альбо запісваючы штосьці ў вялікім сшытку, які потым хаваўся ў сейфе.

      Большасць лічыла запісы ў сшытку чымсьці накшталт бухгалтарскіх нататак, але самыя ўважлівыя здагадваліся, што гэта не так. І што наперадзе нас чакаюць дзіўныя падзеі.

      Злева былі тры даўгія высокія стойкі з двума ўзроўнямі. Стаяць за імі можна было толькі абапіраючыся зверху, нават крыху навісаючы над імі.

      Але самае галоўнае – вялікае, на ўсю сцяну зашклёнае вакно з нізкім шырокім падвоканнем. Яно ішло перпендыкулярна да стоек, і таму на падвоканні можна было сядзець, паставіўшы свой кубак з кавай на рагу ніжняга ўзроўня. Можна было б сказаць, што гэта не вакно, а шкляная сцяна, за якой штосьці адбывалася. Некаторыя адважваліся называць гэтае штосьці, даваць яму пэўныя імёны. Але мы проста ведалі: за вакном раскінуўся магічны тэатр свету. Толькі было незразумела, пра што п’еса і з якога боку гледачы.

      Бралася звычайна падвойная, за дваццаць сем капеек, хаця й адзінарная кава тут была някепская, а падвойная каштавала амаль як абед у таннай заводскай ядальні.

      Падвойная насамрэч была пропускам, тыя, хто браў падвойную, складалі эліту Хвілінкі. Канечне, можна было браць і звычайную, ніхто нічога не сказаў бы, але падвойная сапраўды была знакам абранасці, яна ўводзіла і далучала…

      Хаця да чаго далучала, рабілася зразумелым не адразу.

      Да тых, хто зайшоў на хвілінку папіць кавы і тут затрымаўся?

      Да тых, хто штосьці ўбачыў, зразумеў, у свеце і сваім жыцці, стоячы за старой абшарпанай стойкай?

      Гэта было так мала… І ўсё ж…

      Калі ўсё складвалася добра, Леа прыязна ўсміхаўся, кава смакавала, за вакном шалела восень, поруч – блізкія, знаёмыя твары, як быццам бы вы сабраліся сюды з іншых жыццяў, дзе не да канца нагледзеліся адно на адных, не дагаварылі…

      Тады тыя, хто патрапіў сюды, раптам разумелі: гэта не проста адно з месцаў, у адным з гарадоў, у адной з краінаў…

      Тут сапраўды адбываецца штосьці надзвычай важнае. Штосьці такое, што застаецца СКАЧАТЬ