Название: Хвілінка. Тры гісторыі
Автор: Ігар Бабкоў
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-562-097-7
isbn:
Гэтая фраза магла гучаць ціха і спакушальна, у каляровай раскошы восеньскага сутоння. Магла роспачна – як званок у хуткую дапамогу. Магла гучаць сціплай канстатацыяй: так, сапраўды, больш анічога не застаецца рабіць у эпоху непапраўнай дэградацыі свету, у часы Калі-Югі, як толькі прыйсці ў кавярню і замовіць гэты кубачак з густой, цёмна-духмянай вадкасцю. І потым доўга сядзець, гледзячы кудысьці далёка, працінаючы позіркам сцены і эпохі.
Таксама не было ясна, што значыць “прыстойная кампанія”: усе ведалі, што Францішак любіў піць каву адзін.
Зрэшты, я дакладна ведаю, што Францішак зусім не жартаваў. Ён гаварыў чыстую праўду.
Было такое месца ў Менску ў халодныя часы. Нават цяпер, калі ўсё змянілася, некаторым людзям – і ў асаблівыя моманты – я прызначаю там спатканні.
Назва была дастаткова простая для эпохі, зачараванай пластыкам і сіліконам: Хвілінка.
Адкуль яна паўстала, было невядома. Некаторыя думалі, што так пераклалі французска-расейскае бістро, іншым чуліся метафізічныя ноткі. Хвілінка, казалі яны, – гэта само чалавечае жыццё, у якое мы патрапляем зусім не велічна, без фанфараў. З няяснымі мэтамі. І дзе кожны спрабуе знайсці штосьці сваё.
Так, сапраўды, для большасці: смачныя пахі, прадчуванне магчымасцяў, спроба выбраць. Потым доўгая чарга. Потым каса, дзе трэба за ўсё заплаціць. Потым…
Але не гэта было галоўным.
Сюды можна было прыйсці, – так мы тады казалі.
Гэта было дзіўнае месца.
Уласна кажучы, гэта была зусім і не кавярня. Там не было асобнага ўвахода, гардэроба з люстэркам, не было залы са столікамі і афіцыянтамі. Толькі невялічкі барны закуток з трыма стойкамі, – напрыканцы адной з першых менскіх піцэрыяў. У гэтым закутку стаяў каўны апарат, на якім рабілі эспрэса – таксама адзін з першых у познесавецкую эпоху – і, напэўна, найлепшы.
Зрэшты, і гэта яшчэ нічога не тлумачыць. Ясна, былі й іншыя месцы. Былі сапраўдныя кавярні, былі ціхія куточкі ў гастраномах, дзе стаялі каўныя апараты, і ў некаторых кава была някепская. Пад гадзіннікам, альбо на Чырвонай. Часам усе скіроўваліся туды – у пошуках чагосьці новага, незвычайнага.
І тады знаходзілі сябе ў іншых дэкарацыях. Напэўна, проста таму, што доўга сядзець – стамляе (так сказаў адзін наш добры знаёмы, калі яго запыталі, навошта ён пацягнуўся ў Кітай з Індыі, адзін, у шостым стагоддзі нашай эры).
Сапраўды, былі розныя магчымасці. Была Халодная кавярня, у сутарэннях пад Палацам Мастацтва, дзе каву гатаваць не ўмелі, але дзе можна было чытаць і гаварыць гадзінамі, пакуль не змерзнеш. Была Звар’яцелая кавярня ў Траецкім, на другім паверсе, дзе гатавалі толькі па-ўсходняму, і дзе весці размову было немагчыма – бо там гаварылі адразу ўсе, голасна, амаль крычалі.
І ўсё ж такі гэты закуток быў асаблівым.
Перш за ўсё, асаблівай была прастора.
Гэта было ўзвышша, самае высокае месца горада. І да таго ж, месца разлому.
Тут на паверхню выходзіла штосьці вельмі важнае.
З левага боку ад праспекта, на якім стаяла Хвілінка, пачынаўся Верхні Горад. Паўзруйнаваны, ён адразу ж абрываўся ў Нямігу, метафізічную раку з крывавымі берагамі, з якой пачалася тутэйшая гісторыя. Яна цякла ў шматлікіх тэкстах і ўжо адтуль патрапляла ў нашую свядомасць. Рака бяссоння, так яе называлі старыя балты.
Людзі, якія жылі тут, былі неяк выкінутыя са звычайнага радаснага колазвароту мільённага горада, з ягонымі тралейбусамі і аўтобусамі, выставамі і кінатэатрамі, новымі мікрараёнамі, дзе горда луналі духі часу. Яны выглядалі так, як быццам пражываюць ужо не першае жыццё і проста крыху стаміліся ад яго навязлівага карнавалу.
Зрэшты, тут жылі не толькі людзі, але й цені, іншым разам здавалася, што яны і ёсць сапраўднымі жыхарамі менскіх руінаў, што толькі яны маюць правы на іх адлюдненую самоту.
Сярод руінаў меланхалічна блукала Свіслач, аперазаная паркамі. Яна збірала стары горад у адно, пяшчотна злучала гэтыя краявіды, вымывала ўсе крыўды і пакуты, пакідаючы пасля сябе толькі халодны, чысты спакой.
А часам нават і спадзяванне.
Вуліцы старой часткі пачыналіся неяк незаўважна і паводзілі сябе дзіўна. Перайменаваныя не адзін раз, яны адрываліся ад назваў, якімі эпохі спрабавалі іх прыручыць, скідвалі іх з сябе як танныя апранахі.
Яны бунтавалі, не пагаджаліся – ішлі то паралельна рэчаіснасці, то перапляталіся, з ёй і міжсобку, скрыжоўваліся і разыходзіліся ў невядомых кірунках.
Іх было, зрэшты, няшмат, але яны шчасліва пераблытваліся ў свядомасці, і ніхто не мог пасля сказаць, СКАЧАТЬ