Название: Сланы Ганібала (зборнік)
Автор: Уладзімір Арлоў
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Зарубежная публицистика
isbn: 978-985-6701-79-1
isbn:
Ты выбіраеш сярод залеглых прыгожую маладзіцу ў сьветлай куртцы й пачынаеш яе ўгаворваць зьмяніць пазыцыю. Ты цярпліва даводзіш, што брудны асфальт – ня самае зручнае месца дэманстраваць бясспрэчныя вабноты. Ты пытаесься ў яе імя й тэлефон і, зьвяртаючыся да скарбаў айчыннай паэзіі, кажаш пра духмяныя стагі, дзе жанчыны, як радасны сон на зары.
Маладзіца зь віцебскага аўтобуса прыслухоўваецца да тваёй беларускай мовы, і раптам ейны гожы твар перасмыквае, і яна зь нянавісьцю верашчыць:
– Уйди, хохол бородатый! Тут белорусы по десять суток мучаются, а еще вас понаехало!
Гэта гучыць як прысуд.
Унурыўшы голаў у плечы, ты выцягваеш з аўтобуса валізу зь «Белай Русьсю» й цешчыным салам, спыняеш спадарожны «масквіч», расштурхоўваеш на вакзале колькі падазроных асобаў «кавказской национальности» каля адзінай адчыненай касы, купляеш квіт у цягнік, што ідзе з таго боку, куды цябе не пускаюць, залазіш упершыню ў жыцьці ў абсалютна пусты мяккі міжнародны вагон і праз чатыры гадзіны падыходзіш да свае хрушчобы ў Серабранцы.
Як казаў, прыяжджаючы дахаты ў родную Нарвэгію Фрыт’яф Нансэн, «вяртаньне – прыз кожнага падарожжа».
Твой прыз чакае цябе каля дому ў абліччы суседкі, якая, задраўшы галаву, абураецца, што нехта вывесіў «фашистские флаги». Ты бачыш, што адзін павесілі на гаўбцы твае сыны, другі – археоляг зь літаратурным крытыкам з трэцяга пад’езду.
Толькі тут ты ўспамінаеш, што заўтра – 25 сакавіка.
«Дожились», – кажа суседка й зьбіраецца ісьці скардзіцца на фашыстаў народнаму дэпутату Пятру Садоўскаму.
Ты падказваеш, у якой кватэры той жыве і даеш арыенцір – яшчэ адзін крамольны сьцяг. Уадначас ты дзелісься асьцярожнаю здагадкаю, што брудную правакацыю супраць народнага абраньніка ўчыніў хтосьці зь мясцовых фашыстаў, прыставіўшы знадворку драбіны.
– Иди, иди… Позьняк оброслый, – падазрона гаворыць суседка. – Сам, может, и лазил.
Апоўначы ты бярэш сынаву дудку і выдзімаеш на ёй «Саўку ды Грышку». У тую ж хвілю на вежы Марыяцкага касьцёлу падносіць да вуснаў трубу кракаўскі гейналісты.
Вашыя мэлёдыі зьліваюцца ў рэквіем па «Белай Русі» й бел-чырвона-белым нясьвіскім сале.
Тунэль зь Серабранкі ў Бэрлін
Бывайце, заходнебэрлінскія дворнікі! Калі б ты гаварыў па-нямецку, дык растлумачыў бы ім, што больш за ўсё на сьвеце яны падобныя да беларускіх акадэмікаў і членкараў і, пакінуўшы за дзьвярыма канфэрэнц-заляў свае мудрагелістыя прычындалы, маглі б сьмела займаць месца ў прэзыдыюмах.
Бывайце, белазубыя гандляры-туркі з пляцу каля Брандэнбурскае СКАЧАТЬ