Ордэн Белай Мышы (зборнік). Уладзімір Арлоў
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Ордэн Белай Мышы (зборнік) - Уладзімір Арлоў страница 7

СКАЧАТЬ ўчынкі, якія прыемна ўспамінаць?

      – Яна ж будзе яшчэ цёпленькая ад ягоных абдымкаў…

      – У гэтым ёсць свой шарм. За адным разам пакажам пісьменніку цікавае кіно. Так бы мовіць, на дарожку…

      Апошнія словы каралю чамусьці не спадабаліся. Ён дэманстрацыйна глянуў на гадзіннік. Залатыя стрэлкі-алебарды рыхтаваліся сустрэцца на лічбе XІІ.

      Пачуўшы, як «мерседэс» шэфа бяспекі крануўся, кароль загадаў неадкладна выклікаць міністра паліцыі.

      Галоўны паліцыянт краіны быў поўнаю супрацьлегласцю шэфа бяспекі: высокі, падхорцісты і да бляску выгалены. Кароль сардэчна павітаўся з ім за руку, пасадзіў госця за стол і наліў віна.

      – Не, нічога не здарылася, – адказаў манарх на запытальны позірк. – Проста захацелася пасядзець з чалавекам, якому давяраеш, нібы самому сабе. У краіне такіх двое: ты і начальнік службы бяспекі. Ён толькі што пайшоў. Дзяржаўныя справы… Засталося пару нюансаў, якія мы не паспелі абмеркаваць. Я не затрымаю цябе. Праз гадзіну будзеш абдымаць сваю здобную жоначку або каго захочаш. А пакуль узбадзёрся старым добрым бургундскім. Бараніна, праўда, астыла.

      Міністр паліцыі акуратна асушыў келіх, прамакнуў вусны сурвэткаю і агледзеў стол.

      – Рэкамендую ласіную каўбаску, – сказаў кароль.

      Галоўны паліцыянт пасунуў да сябе талерку і са смакам узяўся закусваць. Тым часам кароль падсеў да бюро ў стылі ампір і пачаў хутка пісаць. Праз колькі хвілінаў на пакладзеным перад ім аркушы начальнік паліцыі прачытаў: «Сёння табе не давядзецца спаць. Паступілі самыя дакладныя звесткі, што блізу гадзіны ночы ў сталіцы будзе здзейсненае дзёрзкае і цынічнае забойства. Пра астатняе пагаворым у парку. Сцены маюць вушы і ў каралеўскіх рэзідэнцыях».

      Міністр наліў сабе бургундскага, засяроджана выпіў і ўстаў. Кароль узяў яго пад руку і ўжо ў дзвярах уголас дадаў да напісанага:

      – У адных людзях жыве Бог, у другіх – д’ябал, а ў некаторых – адно глісты і мікробы.

      Вярнуўшыся праз чвэрць гадзіны ў залю, кароль напоўніў свой келіх, але піць не стаў. Ён падышоў да дзвюх прынесеных шэфам бяспекі скураных валізак, паважыў іх у руках і выбраў больш пакоўную. Паклаў яе на камінную дошку, трохі пакруціў колцы замкоў і, упэўніўшыся ў іхняй надзейнасці, дастаў з шуфляды бюро вялікі паляўнічы нож. Праверыўшы ягоную вастрыню, кароль застаўся задаволены і ўвагнаў джала ў валізку. Нож лёгка разрэзаў светла-брунатную скуру па перыметры.

      Валізка была наладаваная простымі папяровымі тэчкамі на тасёмках. Кароль пасунуў да каміна цяжкое, абабітае зялёным аксамітам крэсла, паставіў на камінавую дошку келіх з віном і паклаў на калені верхнюю тэчку. Ён не спяшаючыся развязаў белыя тасёмкі, але раптам ускочыў і з лютасцю шпурнуў тэчку ў камін. З наступнай тэчкаю ўсё паўтарылася. Другую валізку ён распаласаваў ножам крыж-накрыж і рвануў скуру рукой. Вынік быў той самы.

      У гэтым месцы крыніцы, якімі карыстаўся аўтар, пачынаюць пярэчыць адна адной, прычым розначытанні набываюць настолькі прынцыповы характар, што змушаюць падаць абодва варыянты.

СКАЧАТЬ