Название: Ордэн Белай Мышы (зборнік)
Автор: Уладзімір Арлоў
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
Серия: Я кнігу маю
isbn: 978-985-562-031-1
isbn:
Што ж да саміх тых чутак, дык аднаго разу, выпіўшы за кошт народа Мбамбы бутэльку рому «Havana Club», ты адкрыта запытаўся ў сябра, ці ўваходзіць чалавечына ў меню ягоных супляменнікаў, і твой сябар, бязгрэшнае дзіця джунгляў, асветленых ідэямі самага перадавога вучэння, шчыра адказаў, што, як ты і думаў, усё гэта лухта: ніякіх нявестаў, нават белых, у іх не ядуць і наогул пасля заваёвы незалежнасці ваяры, даеўшы палонных каланізатараў і каланізатарак, урачыста прысягнулі зрабіць крок насустрач забабонам усясветнай цывілізацыі і конча адмовіцца ад ужывання такога карыснага прадукту. Вынятак зрабілі толькі для Дня незалежнасці, калі маленькі Мбамбаў народ чыста рытуальна, так, што не паспявае адчуць і смаку, з’ядае некалькіх былых каланізатараў, якіх ловяць і прывозяць у родныя мясціны юнакі з іхняга племя, што служаць у сталіцы, ходзяць, як і ён, Мбамба, у штанах і ахоўваюць там міжнародны аэрапорт, у чыіх ваколіцах найчасцей трапляюцца былыя каланізатары, якіх зазвычаена гатаваць з рознымі прыправамі. (Вось чаму Мбамба старанна скупляў у краме насупроць вашага інтэрнату духмяную грузінскую прыправу «хмелі-сунелі».)
Трымаючы ў галаве аднакурсніцу Машу, ты на ўсялякі выпадак пацікавіўся, ці не ўлетку адзначае народ Мбамбы Мбамбы сваё свята вызвалення. Не, сказаў твой цемнаскуры сябра, на жаль, якраз узімку, калі ў іх на экватары сезон дажджоў, а ён здае тут экзамены, і, не здагадваючыся пра падтэкст твае цікавасці, прастадушна дадаў, што, зрэшты, дата Дня незалежнасці даволі рухомая і яе ўжо не раз мянялі праз рэферэндумы, прычым кожнае племя, паводле іхняе дэмакратычнае канстытуцыі, мае права правесці ўласны рэферэндум і вызначыць сабе найбольш зручную дату галоўнага дзяржаўнага свята.
Толькі цяпер, у звярынцы, у цябе мільгае думка, што менавіта ў зімовую сесію, калі Мбамба актыўна запасаўся «хмелямі-сунелямі», бясследна знік ваш выкладчык лаціны Беньямін Айзікавіч Пільман, але ты з палёгкаю смяешся, узгадаўшы, што згуба потым усплыла на гістарычнай радзіме, дзе ўзнялася ад шараговага савецкага дацэнта да намесніка міністра адукацыі. Дый не такі быў Мбамба чалавек, каб есці з «хмелямі-сунелямі» выкладчыкаў роднага факультэта…
Вось як бывае: прыйдзеш у звярынец прыгожа адпачыць, а тут столькі ўсяго абрынецца, што застаецца адно выгодней уладкавацца на лавачцы і, расшпіліўшы пад амаль вясновымі сонечнымі промнямі чорнае паліто ды накрыўшы шэрай кепуркаю родную біклажку, паспрабаваць неяк выбавіцца з гэтага завалу.
Дзеля пачатку ты вырашаеш засяродзіцца на праблеме асабістае рэінкарнацыі. Натуральна, што пасля апошніх падзеяў ты проста асуджаны «прымерыць» іпастась мядзведзя, праўда, адразу зарэзерваваўшы сабе варыянт з айчыннай бурай пародай.
Спярша ты ўспамінаеш усё, што ведаеш пра будучага віртуальнага ўладальніка тваёй душы.
Першая СКАЧАТЬ