Название: Дыялогі з Богам (зборнік)
Автор: Валянцін Акудовіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Поэзия
Серия: Я кнігу маю
isbn: 978-985-562-011-3
isbn:
Як я ўжо казаў, жылі яны чортведама дзе, але бабы з нашай вёскі адвеку ездзілі да іх па голкі, а мужыкі – каб падзівіцца. Раней ездзілі коньмі, а потым, як паклалі калейку, на цягніку. Што-што, а голкі ў іх атрымліваліся файныя. Далібог, ва ўсім свеце ніхто не рабіў лепшых. Больш спрытная баба такой голкай магла з адных плётак спадніцу выштукаваць. Толькі ўсё гэта ў мінулым…
Аднойчы апынуўся ў тых мясцінах надта вучоны чалавек.
– Апамятайцеся, людзі, – накінуўся ён. – Зямля круглая, і таму неба ўсюды аднолькава высокае.
– Калі неба аднолькава высокае, дык чаму мы маленькія?! – упікнулі яго.
– Няма маленькіх людзей, ёсць дурныя і разумныя, – запэўніў ён.
– На ўсё боская воля, – нагадалі яму.
Толькі не быў бы то вучоны. Не адразу, але неяк пераканаў іх, што зямля круглая і неба аднолькава высокае ўсюды…
Тады гэтыя людзі кінулі вырабляць голкі і звялі ўсё жалеза на помнік таму вялікаму чалавеку.
Файны атрымаўся помнік. Але дзівіў не гэтак сваімі памерамі, як вытанчанасцю дробязяў. Шкада толькі, што ён і дасюль покатам марнуецца ля кузні, бо няма каму ўсцягнуць яго на пастамент. Вядома, якія там людзі пад нізкім небам! Адно што празываюцца людзьмі…
Аргумент
Адзін з нас меў аргумент, а ўсе астатнія ішлі туды, куды дзьме вецер.
Сёння вецер быў з аднаго боку, заўтра з іншага, і таму рана ці позна, але мы зноў вярталіся туды, дзе на выспе за вёскай сядзеў той – з аргументам.
– Куды гэта вы, хлопцы? – шкадуючы, пытаўся ён і пазяхаў так, што нават дурань разумеў: гэты чалавек мае аргумент, і яму няма патрэбы куды б там ні было цягнуцца і недзе нешта шукаць.
Звычайна яму не адказвалі, толькі хіба найбольш стомлены, бывае, гняўліва буркатне:
– А табе што за справа, абібок?!
І мы ішлі далей, хаця сёй-той, употайкі ад іншых, доўга азіраўся туды, дзе сядзеў гэты, з аргументам, і сачыў за дымам над комінамі. І неаднойчы сямутаму карцела запытацца, чаму ён сядзіць, калі ўсе мы ходзім. Толькі запытацца ніяк не выпадала, бо калі адзін пытаецца ва ўсіх – гэта натуральна, але дзе вы чулі, каб усе пыталіся ў аднаго?
І мы крочылі далей і мелі шляхетны гонар ад упартай хады, сэнс якой быў у няспынным руху. І калі што нас палохала, дык гэта не стома, пабітыя ногі ці смага, а спакой. Раптам вецер сціхаў, і мы спыняліся, як бы спатыкнуўшыся, бо без ветру не ведалі, куды нам цяпер праставаць.
Што ў тыя хвіліны рабілася – цяжка казаць, ды, дзякаваць Богу, усялякі раз вецер падымаўся зноў, а разам з ім падымаліся і мы, каб рушыць далей.
Так здарылася, гэтак аднойчы мусіла здарыцца, што вецер суняўся якраз тады, калі мы праміналі выспу, на якой сядзеў той, з аргументам. Упершыню мы не енчылі, не камечылі апратку, не кусалі СКАЧАТЬ