Название: Адваротны бок люстра
Автор: Ксенія Шталенкова
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Историческая фантастика
isbn: 978-985-021-66-56
isbn:
– Хавайся, – прашаптаў юнак.
Дзяўчынка паслухалася. Міхал адчыніў дзверы.
– Пане, да вас чалавек прыехаў ад пані княгіні Альжбэты, – паведаміў слуга.
– Скажы, што я зараз прыйду, – загадаў Міхал і зачыніў дзверы.
– А хто такая княгіня Альжбэта? – шэптам спытала Бася.
– Жонка пана князя Мікалая. Цікава, што яна хоча? Мабыць, пан князь прыслаў нейкія паперы? – прамармытаў юнак сабе пад нос, а потым дадаў: – Бася, пасядзі пакуль што тут, а я пайду даведаюся, у чым справа, добра?
– Добра, – кіўнула дзяўчынка.
Міхал пайшоў. Праз некалькі хвілін ён вярнуўся з вялікім падносам, на якім былі хлеб, хатні сыр, некалькі шматоў кумпяка, свежыя агуркі, зялёны лук і збан квасу. Юнак паставіў паднос на стол.
– Мне зараз трэба ісці на службу: княгіня збіраецца кудысьці паехаць і жадае, каб я яе суправаджаў. А ты пачакаеш, пакуль я не вярнуся. Я замкну пакой на ключ, каб ніхто не мог сюды прыйсці. Частуйся, калі ласка! – Міхал гасцінна пасунуў паднос бліжэй да Басі.
– А ты?
– Ды я так, абыдуся.
– Як гэта? – абурылася Бася. – Ты што, галодным збіраешся на службу ісці?
– Лухта! – адмахнуўся юнак.
– Ну, мне ж адной будзе шмат, я ўсё не з’ем.
– Нічога, потым даясі. А я магу і не снедаць.
– Тады і я не буду, – дзяўчынка адсунула ад сябе паднос.
– Ну, ты ж госця! Ясі, калі ласка, і не звяртай на мяне ніякай увагі.
– Не, без цябе я снедаць не буду! – Бася ўпарта склала рукі на грудзях.
– Добра, – скарыўся Міхал, вырашыўшы, што спрачацца будзе даўжэй і ён спазніцца на службу. – Падзелім па-братэрску.
Ён узяў лусту хлеба са шматом кумпяка і, спехам праглынуўшы ежу, зрабіў некалькі глыткоў квасу.
– І гэта ўсё? – здзівілася Бася, якая толькі пачала акуратна рабіць сабе шматпавярховы бутэрброд.
– Інакш я спазнюся на службу! – сказаў юнак.
– А калі ты вернешся?
– Напэўна, вечарам.
– Так доўга? – усклікнула дзяўчынка. – А ты маеш якія-небудзь кнігі? Бо мне нудна будзе столькі сядзець адной.
– Ну вядома. – Міхал адчыніў адзін з куфраў. – Ты можаш узяць штосьці адсюль.
– Ага.
– А, вось яшчэ, – успомніў ён, выцягнуўшы з-пад ложка начную вазу. – Мала ці што, мо спатрэбіцца.
Бася пачырванела і, кінуўшы на Міхала гнеўны позірк, прынялася злосна жаваць бутэрброд.
– Ну, я пайшоў. Сачы за люстрам, – развітаўся юнак.
– Бывай!
За Міхалам зачыніліся дзверы, і дзяўчынка пачула, як у замочнай шчыліне павярнуўся ключ.
Бася скончыла снедаць і, зірнуўшы на люстра, некалькі разоў цяжка ўздыхнула. На ўсялякі выпадак яна яшчэ раз паспрабавала прайсці скрозь яго, але дарэмна. Бася прысела на лаву і пачала думаць, што ж ёй рабіць. На імгненне ў душу дзяўчынкі закралася страшэннае пачуццё, што яна больш ніколі не зможа СКАЧАТЬ