Рыбін горад. Наталка Бабіна
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Рыбін горад - Наталка Бабіна страница 21

СКАЧАТЬ што, ёсць нейкія навіны? – пацікавілася Ленка. – Што тут у вас увогуле? Як справы?

      – Ды без асаблівых пераменаў, – паціснула я плячыма, – можна сказаць.

      – Ох, трэба пагаварыць, – Ленка зірнула на гадзіннік, – маю дзесяць хвілінаў. Перш за ўсё, Алка, ты больш неапазнаных лятальных аб’ектаў не бачыла? Ну там, смерці ці яшчэ якой жанчыны ў белым?

      – Можаце лічыць мяне вар’яткай, але, калі ласка, не ў вочы! Гэта не глюкі! Я не была тады п’янай, я потым выпіла. І я бачыла нейкую мумію на мяжы. І хопіць ужо, Уляна, выстаўляць мяне на пасмешышча і рабіць з мяне дуру.

      – Чаго ты расхадзілася? Я перадала Ленцы тое, што ты расказвала, яна спытала ў цябе… Хто тут робіць з цябе дуру? Ды нас тут ужо горшы за жанчыну ў белым візітант наведаў, – сястра павярнулася да Зарніцкай. – Гэты ўжо і мне ў вочы кінуўся.

      – Літаральна? – узняла бровы Зарніцкая.

      – Пакуль не, – і Улянка расказала пра размову з Іванам Міітрічам.

      – Значыць, гэта праўда, – спахмурнела Ленка. – Мне казалі, што Кукаль хоча будаваць недзе цэнтр адпачынку, і я нават бачыла праект… Шчыра кажучы, нават чула, што ў Дабрацічах…

      – Дык ты яго ведаеш? І ў яго сабак лечыш?

      – У яго жывёлаў няма, але жыць у Брэсце і не ведаць Кукаля немагчыма.

      – Раскажы.

      – Ды асабліва няма чаго расказваць. Багаты. Заснаваў прэмію «Брастчанін года». Катэдж у яго ў Вычулках. Праўда, чуткі пра яго розныя ходзяць. Аднойчы ў кампаніі чула, як адзін такі Куля даводзіў, седзячы ў лазні, што Кукаль – галоўны туташні бандыт, прычым бандыт, так бы мовіць, беззаконны.

      – А Куля – гэта хто?

      – Кулееў яго прозвішча. Таксама цаца. Ён, бач ты, бандыт законны, развіў там у лазні цэлую тэорыю пра тое, што ва ўсе часы, пачынаючы ад княжых цівуноў, існавалі людзі, больш ці менш набліжаныя да дзяржавы, якія дапамагалі ёй рэгуляваць фінансавыя дачыненні паміж людзьмі… І ён, маўляў, займаецца гэтым, бо гэта патрэбна грамадству.

      – Дык ён як гэта, крыша?

      – Менавіта.

      – І цябе крышуе?

      – Не, я яму не па зубах, але не ў гэтым справа. Куля вяшчаў, што, маўляў, Кукаль зусім расперазаўся, зрывае дамовы, не трымае слова… Што ён падабраў пад сябе – шляхам брутальнага збіцця і нават забойства – і рэкеціраў на мяжы, і путанаў на менскай шашы, і наркату, што ў прыгарадных вёсках, ён арганізаваў немалую сетку прытонаў… Што з гэтага ўсяго, а зусім не з рэстаранаў і не з рынку, цякуць яго вялізныя даходы. Куля нават цішком распавёў, што менавіта Кукаль – замоўнік забойства Радыёнава. А, вы ж не ведаеце, мінулай вясной у нас адбылося жорсткае забойства: начальніка гарадской міліцыі Радыёнава знайшлі разам з маленькім сынам забітымі ў Льнянскім лесе. Забойцаў, канечне, не знайшлі, але пасля гэтага ў газетах перасталі з’яўляцца артыкулы пра тое, што вось мытнікі зноў знайшлі партыю наркотыкаў, а міліцыя накрыла відэацэнтр дзіцячай парнаграфіі…

      Мы маўчалі. Шумелі сосны. Што тут будзеш гаварыць? Што тут скажаш? Зло віравала; ці быў Кукаль яго ачольнікам, СКАЧАТЬ