Название: Дзікія кошкі Барсума
Автор: Генадзь Аўласенка
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Космическая фантастика
Серия: Дзікія кошкі Барсума
isbn: 978-985-16-7454-7
isbn:
Тое, што сказала зараз рабочая жонка О’Ніла, было настолькі неверагодным, што, як ужо адзначалася вышэй, сам фермер нават не раззлаваўся спачатку, такім вялікім было ягонае здзіўленне.
– Што ты сказала толькі што? – паўтарыў О’Ніл, павольна ўзнімаючыся з-за стала. Яго вялізныя кулакі сугаргава сціснуліся, у голасе ўжо чуліся першыя пагрозлівыя ноткі. – Што ты сказала, паўтары яшчэ раз!
Магчыма, гэта было нейкае толькі імгненнае трызненне з таго, былога свайго жыцця і, не звярні О’Ніл на гэта ўвагі, праігнаруй ён зараз выпадковыя словы сваёй рабочай жонкі – усё пайшло б па-ранейшаму і, хутчэй за ўсё, не здарылася б таго, што здарылася потым…
Але фермер неабдуманна запатрабаваў ад сваёй рабочай жонкі зноў паўтарыць крамольныя яе словы, а рабочая жонка проста абавязана выканаць любы загад свайго ўладара.
– Калісьці я жыла ў палацы, – паслухмяна паўтарыла рабочая жонка О’Ніла. Потым штосьці яшчэ прамільгнула раптам у сцёртай яе памяці, новае штосьці, і яна дадала нейкім, ужо іншым, нечакана змяніўшымся голасам: – Я жыла ў палацы, і сотні мужчын прыслужвалі мне, і нават дыхнуць лішні раз баяліся ў адной толькі маёй прысутнасці!
Гэта было ўжо занадта.
– Ах жа ты, дрэнь! – губляючы ўсялякі кантроль над сабой і кідаючыся да жонкі, зароў О’Ніл. – Сучка паганая!
Такія словы рабочай жонкі маглі вывесці з сябе нават самага рахманага і цярплівага жыхара планеты Аграполіс, а О’Ніл, і гэта добра ведалі ўсе суседзі-фермеры, ні асаблівай цярплівасцю, ні, тым больш, рахманасцю, ніколі не вызначаўся. Наадварот, хутчэй…
Ад моцнага ўдару ў скронь у рабочай жонкі тарганулася галава… але, што самае дзіўнае, яна не звалілася на падлогу, як разлічваў на тое сам фермер, яна нават не пахіснулася, хоць незвычайная сіла О’Ніла таксама была добра вядома ўсім ягоным суседзям, а некаторыя з іх на сваіх уласных баках і сківіцах зведалі ўсю сакрушальную моц фермерскага кулака. Ва ўсялякім разе, мала набралася б мужчын у акрузе, якія б засталіся на нагах пасля такога вось удару… а аднойчы – гэта было гады з чатыры таму – О’Ніл схітрыўся з першага ж выпаду зламаць свайму праціўніку сківіцу, прычым, у трох месцах адразу. Добра яшчэ, што побач аказаліся сведкі, якія маглі падцвердзіць, што пацярпелы сам, першым, пачаў сварку, якая перарасла затым ва ўзаемную бойку. Тым не менш, прыйшлося нямала заплаціць і самому пацярпеламу, і сведкам, і суддзям, каб справа гэтая не аказалася ў вышэйшых інстанцыях.
А гэтая вось тоненькая, кволая з выгляду, маладая жанчына нават не пахіснулася. Больш таго…
У вялікіх блакітных вачах рабочай жонкі бліснуў раптам нейкі патаемны агеньчык, узняўшы руку, яна асцярожна дакранулася тонкімі прыгожымі пальцамі да пашкоджанага месца.
– Калі я жыла ў палацы, – павольна прагаварыла жанчына, і О’Ніл нечакана для сябе зноў пачуў у голасе рабочай жонкі нейкія новыя, зусім незнаёмыя яму ноткі, – ні адзін з мужчын нават пальцам не асмельваўся дакрануцца да мяне!
Гэта было ўжо нават больш чым занадта і О’Ніл, забыўшыся пра ўсялякую асцярожнасць, каршуком накінуўся на жонку. Удар за ўдарам, цэлы град моцных, сакрушальных нават удараў абрушыўся на няшчасную жанчыну, але толькі пасля таго, як лік іх пераваліў за другі дзесятак, яна звалілася на падлогу.
– Пальцам, кажаш?! – рыкаў О’Ніл, неміласэрдна збіваючы нагамі нерухомае цела жанчыны. – У палацы, кажаш?!
Вось так, у мінулым годзе, сарваўшыся з-за дробязі, О’Ніл да смерці збіў папярэднюю сваю жонку, а затым горка шкадаваў аб гэтай сваёй нястрыманасці. Каб купіць новую жонку, яму прыйшлося залезці ў даўгі, і толькі зусім нядаўна ён поўнасцю з імі разлічыўся.
Думка пра тое, што ён зноў рызыкуе застацца без жонкі, крыху ахалодзіла ваяўнічы парыў фермера, але ніколькі не зменшыла яго злосці. Перастаўшы таптаць жонку нагамі, О’Ніл сарваў са сцяны віты скураны бізун. Гэты сродак утаймавання непаслухмяных жонак быў не менш дзейсным, але куды менш рызыкоўным.
– Вось табе палац! – праз зубы цадзіў О’Ніл кожны раз, калі бізун са свістам упіваўся ў аголенае жаночае цела. – Я навучу цябе, як трэба размаўляць з мужам! Я і так вельмі доўга быў цярплівым з табой, дрэнь!
Апамятаўшыся, нарэшце, О’Ніл з жалем адкінуў убок размякшы ад крыві бізун і, не дакрануўшыся больш да сняданка, выйшаў з пакою, з усяе сілы грукнуўшы за сабой дзвярыма. На сваю рабочую жонку, якая нерухома і бездапаможна ляжала ў лужыне ўласнай крыві пасярод пакоя, ён нават не зірнуў.
Апынуўшыся на двары, О’Ніл, хоць і не адразу, паступова пачаў супакойвацца. СКАЧАТЬ