Название: Як красназорцы зямлі сцураліся
Автор: Бабарэка Адам
Издательство: Public Domain
Жанр: Зарубежная классика
isbn:
isbn:
– Чакайце бо, вось мне набегла на памяць! Вы ўсё жаліцеся на долю: «Мусіць доля наша такая. І цяпер праўды няма. Казалі: зямлі будзе ўсім удосталь. Казалі: усе будуць роўнымі, а дзе ж яно ўсё гэта? Палёгкі ніякай няма. Ліхая наша доля…» А вы?.. Але, пэўна, вы не ведалі Міхаля Старога з Красназорак, што за балотам, за галамі. Памёр і не дачакаўся таго часу, пра які ён, бывала, любіў часта казаць: «Эх, прыйдзе час, – але я ўжо, мусіць, не прычакаю, – прыйдзе і ўсіх параўнае. Усе будуць роўна гараваць, будуць роўна і панаваць. І мужыкі самі сцураюцца сваёй зямлі, сваёй уласнасці. От успомніце некалі маё слова. Сабакам назавеце, калі будзе няпраўда». Дык але ж, на ліха яму, і праўда. Гэтак сталася ў тых жа Красназорках. Я сам на свае вочы бачыў, на свае вушы чуў. Каб хто казаў – не паверыў бы, а то сам. Дык ось слухайце, раскажу вам, як гэта сталася, дык мо і нам льга будзе што пераняць.
Неяк гэтым летам жонка прыстала: паедзь і паедзь у Прыдолле. «Аднак ухадзіліся з сенам, а там мо паможаш нашым, ды што і дастанеш». Падумаў я, падумаў – і хлеб выходзіць, а дзе яго так скора варвеш, і адзетку няма, – запрог каня і паехаў. А ехаць у Прыдолле трэба праз Красназоркі.
Даўно я ўжо праз іх не ехаў. А была гэта звычайная вёсачка, ну двароў мо з сорак.
Будынкі, быццам апенькі, каля пня-цэркаўкі паскучваліся-паскручваліся. Пасярэдзіне – вуліца. Сям-там, як тыя тычкі ці пужалы на агародах, тарчалі старэнькія бярэзіны ды кляны. Як буслы на адной назе, гуськом, пазіраючы ўніз вочапамі, папрытульваліся «бабы» з «жураўлямі» і нудна скрыгіталі, п'ючы раніцою ваду са студняў. Абгароджвалі вёску вузкія стужкі палеткаў і сенажацяў. З аднаго боку, ушчапіўшы на шыю пацеркі-праслы, пластом разлягаўся выган – міска з паўбіватаю, перамешанаю травою-кашкаю. Штодзень тут таўклося – збіралася – гаўяда. Дык я кажу, звычайныя былі Красназоркі, як і наша вёска.
Я гэта еду сабе, напоркваю свайго цюхцяя гнядога ды паглядаю наабапал дарогі – любуюся на збажынку людскую. А дзень быў лагодны.
От як цяпер памятаю, сонейка сабе песціцца, палыскаецца ў белых, пухленькіх аладках-воблачках. Паветра над палеткамі калышацца, гойдаецца, і здаецца, быццам за вушы падцягвае жытнія калосікі на шнурочках, што звязваюць сіне-смуглыя наміткі лясоў і краскі – рассыпаныя каралі лугоў. Еду і сам сабе думаю: «Добрае жытца, а і ярына паказвае на ўраджай. Добра, у каго многа зямелькі, а вот мне і прырэзку далі, і то не ведаю – ці стане на той год свайго. Жытцо маё нешта хібіла. Але і як яму не хібіць – без гною. А яго ж і не збярэш шмат з гэтага вось цюхцяя ды з аднае кароўкі. Ды які і ёсць, дык хаця б на сваё, а прыдатак… ці будзе шчэ мой…» Так сабе раздумліваю, не ўгледзеў, калі і ў Красназоркі прыехаў, а гэта ж такі ў аб'езд балота, дык мусіць вёрст з пятнаццаць будзе.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «ЛитРес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.