Інструкцыя по спакушэнні замужніх жанчын. Коллектив авторов
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Інструкцыя по спакушэнні замужніх жанчын - Коллектив авторов страница 14

СКАЧАТЬ была неверагодна прыгожая. Зморшчынкі каля вачэй у яркім святле таксама кудысьці прапалі.

      – Заходзьце праз пятнаццаць хвілін, – загадала бібліятэкарка. – І захапіце шклянкі.

      – Я ж табе казаў! – падскочыў з ложка Канстанцін. – У такіх паненак заўсёды ёсць. Пашанцавала табе, хлопец.

      Ён дастаў з чамадана чыстую кашулю, пераапрануўся, абцёр твар і шыю адэкалонам.

      – Хочаш? – працягнуў ён бутэлечку Аляксею.

      – Не трэба.

      Чамусьці Аляксею было непрыемна глядзець на важданіну агранома. Збіраецца, як паляк на вайну. Падобна на тое, што ён не толькі па бульбе спецыяліст.

      – Ты, галоўнае, не тушуйся, – сказаў, прыдзірліва аглядаючы сябе ў люстры, Канстанцін. – Лепш, канечне, каб яна з сяброўкай была, але і так будзе добра. Ніколі не ведаеш, дзе пашанцуе, а дзе не. Закон жыцця!

      «Пра што ён? – таксама паглядзеў на сябе ў люстра настаўнік. – Мне і не трэба нічога. Да Зойкі на спатканне еду».

      У Пятроўны да іхняга прыходу ўсё было падрыхтавана. На стале стаяла бутэлька «Варны», на сурвэтцы горкаю ляжалі піражкі, у талерцы наскрыленае сала.

      – Нож у дзяжурнай ёсць, а штопара няма, – сказала, паказваючы на бутэльку, Пятроўна. – Давядзецца закусваць без выпіўкі.

      – Ніколі! – накіраваўся да стала аграном.

      Ён узяў бутэльку, паставіў на падлогу, вялікім пальцам правай рукі націснуў на корак і прапіхнуў яго ўсярэдзіну.

      – Прапалі дванаццаць капеек, – уздыхнула Пятроўна. – З коркам бутэлькі не прымаюць.

      – Я ўмею выбіваць корак даланёю, але так хутчэй, – сумеўся Канстанцін.

      «Дзе гэта яна навучылася мужыкамі круціць? – падумаў Аляксей. – Няўжо ў Крайску?»

      – Гэтаму не вучацца, – хмыкнула Пятроўна. – Талент патрэбен.

      Аляксей крактануў. Так і будуць па чарзе з аграномам чырванець.

      – І правільна, – кіўнула Пятроўна. – Ад мяне трэба трымацца падалей.

      – Ну, за гаспадыню! – падняў шклянку Канстанцін. – Я яшчэ на станцыі зразумеў, што з гэтай парачкай не прападзеш.

      «Якая парачка? – глытнуў са шклянкі Аляксей. – Я наогул упершыню ў жыцці яе бачу».

      Ён сапраўды ўпершыню разгледзеў шэрыя вочы Пятроўны, цяжкую хвалю русых валасоў, поўныя грудзі і гнуткую спіну. Проста Мар’я-царэўна, а не бібліятэкарка.

      Хмель стукнуў у галаву. Краем вока ён заўважыў круглую каленку ў разрэзе халаціка.

      – А вось гэта не пра вас, – захінула халацік Пятроўна. – Спачатку гаварыць навучыцеся.

      – Пра што… гаварыць? – праглынуў камяк у горле Аляксей.

      – Узяўся за грудзі – гавары што-небудзь! – зарагатаў аграном.

      «Дубіна!» – скасавурыўся на яго настаўнік.

      – Ну, хоць бы тост скажыце! – пагладзіла яго па спіне Пятроўна.

      – Прапаную выпіць за тое, каб скончылася завіруха і мы ўсе маглі ехаць па сваіх справах!

      Аляксей чокнуўся спачатку з Пятроўнай, потым з аграномам.

СКАЧАТЬ